творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-песня-будзе-жыць
Гэта старая версія дакумента!
Сяргей Грахоўскі — Песня будзе жыць
Памяці Якуба Коласа
Сягоння журацца бары на Беларусі,
Прыбіты сцежкі кроплямі расы,
Замоўкла песня на асеннім лузе,
І падаюць на пожню каласы.
Над Нёманам схіліліся рабіны,
Маўчаць над Сожам пушчы і сады.
Мой родны кут, якога сына,
Якую песню страціў ты!
Маўчаць палі у кроплях буйных рос,
Бары маўчаць, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.
Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць.
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць.
1956
Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.
Падобныя старонкі
творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-песня-будзе-жыць.1755963870.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin