~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Перасцярога &keywords = зямля &abstract = Чытаць верш "Перасцярога" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Перасцярога ====== Адно з двух, або людзі зробяць так,\\ што ў паветры стане меней дыму,\\ або дым зробіць так, што на Зямлі\\ стане меней людзей.\\ //«Кур’ер ЮНЕСКА»// Прапахла паветра бензінам, саляркаю, газам,\\ Аж моташна ліпам, каштанам, бярозам і вязам. \\ Ад сіняга дыму ссыхае сасна за сасною,\\ Іх рэжуць на дровы і ў шуркі складаюць вясною. \\ Даўно пазнікалі з зялёнае паркавай зоны\\ Дразды, вераб’і, салаўі і вароны.\\ Закураны пылам прамытыя з раніцы шыбы,\\ Прапахлі мазутам злінялыя сонныя рыбы.\\ Пацягне ад комінаў ветрыкам слабым —\\ I ў сажалцы ўжо захлынаюцца жабы.\\ На яблынях вецце увесну пасыпана густа\\ Забойнаю дозай атрутнага дусту,\\ I сад у зняменні глядзіць невясёлы,\\ Як з кветак на дол асыпаюцца пчолы.\\ Радзеюць гаі, пералескі, прысады і пушчы,\\ I толькі яшчэ чалавек застаецца трывушчы:\\ Ён дыхае дымам, аглушаны звонам і гудам,\\ I дзівіцца сам, што трымаецца цудам.\\ Ён б’е свідравіны, укладвае рэйкі і шпалы:\\ Што зранку здабыў, таго ўвечары мала.\\ Ён выграб да рэшты глыбокія нетры,\\ I чадам прапахлі вада і далёкія кедры.\\ Мы — людзі нашчадкам пакінуць павінны\\ Празрыстую рэчку і спеў салаўіны.\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/сяргей-грахоўскі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-раўнавага]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-папярэджанне]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]]