~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Паштары &keywords = анюта, газета, арыша, дзядзька, ахрэм, цётка, дзеці, цётку, школа, дзень, пісьмы, пошту, газетамі &abstract = Апавяданне Сяргея Грахоўскага "Паштары" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Паштары ====== Нідзе так не чакалі цётку Анюту, як у школе. Яна кожны дзень праходзіла пад вокнамі і ішла ў настаўніцкую.\\ Газеты пахлі свежаю фарбаю і ветрам. На перапынках Арыша з сяброўкамі разглядала вясёлыя малюнкі, разгадвала рэбусы. А дома доўга сядзела над свежым часопісам.\\ Але самымі шчаслівымі былі дні, калі цётка Анюта прыносіла пісьмы. Іх прысылаў Арышын брат, што служыў на Балтыйскім моры. Ён заўсёды ўкладваў у канверт здымкі ці прыгожыя каляровыя паштоўкі з відамі далёкіх гарадоў. Арыша прыносіла іх у клас і паказвала вучням.\\ Учора цётка Анюта чамусьці не прыйшла. Не прыйшла яна і сёння.\\ Засумавалі дзеці ў школе. Здавалася, нечага не хапае ў іх жыцці, нібыта і сцежка павузела да школьнага ганка.\\ Пасля ўрокаў Арыша, Маня і Паўлік забеглі на пошту. За сталом, заваленым пісьмамі і газетамі, сядзеў дзядзька Ахрэм і крычаў у тэлефонную трубку.\\ Дзядзька Ахрэм зірнуў на іх з-пад акуляраў і весела запытаў:\\ – Што добрае скажаце? Калі змерзлі, ідзіце да грубкі, грэйцеся.\\ – Не, нам цёпла… Гэта мы цётку Анюту шукаем. Другі дзень яе ў нас не было. Дык па школьныя газеты зайшлі, – асмялела Арыша.\\ – Занядужала ваша цётка Анюта. от і завалілі мяне пісьмамі і газетамі. Сам хацеў разнесці, дык тэлефона няма на каго кінуць, а ён звоніць і звоніць. Недзе тут ёсць і вашы газеты. Зараз паглядзім.\\ Ён пакапаўся ў вялікім стосе і падаў Арышы ладны пачак.\\ – Ты ж схавай у партфель, каб часам не згубіліся.\\ Дзядзька Ахрэм паглядзеў на Паўліка і запытаў:\\ – Ці не ў вас кватаруе заатэхнік Валя?\\ – У нас. А што?\\ – Тут ёй тэлеграма ёсць, дык можа б аддаў? А я астатнія ўвечары сам разнясу.\\ – Давайце, я мігам усім занясу, – узрадаваўся Паўлік.\\ – Добра было б, – дзядзька Ахрэм падаў хлопчыку тэлеграмы.\\ Маня з Арышаю пераглянуліся і загаварылі разам:\\ – Мы можам усе газеты разнесці. Нам жа якраз па дарозе.\\ Дзядзька Ахрэм засмяяўся:\\ – Калі так, прыйдзецца вас залічыць паштарамі.\\ Ён расклаў пісьмы і газеты ў тым парадку, як стаялі на вуліцы хаты, і аддаў кожнай дзяўчынцы па пачку.\\ Дзеці выскачылі на вуліцу.\\ – Ты, Манечка, пойдзеш з таго боку, я – з гэтага, а Паўлік панясе тэлеграмы. З імі ж нельга пазніцца. Пайшлі! – загадала Арыша.\\ З пачкамі газет і пісьмаў дзеці ішлі з канца ў канец вёскі і былі шчаслівыя, што іх радасна сустракалі ў кожнай хаце.\\ Яны прыходзілі на пошту штодня, пакуль не ачуняла цётка Анюта. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-стары-млын]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]]