~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Папярэджанне &keywords = людзі, смерць, зямлю, рэкі, павольна, вайны, ідзе, гудзе &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Папярэджанне" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Папярэджанне ====== Непагодныя дні. Ні прасвету, ні сонца, Толькі вецер гудзе і гудзе увушшу,\\ I пякельным туманам нябачаны стронцый\\ Раз’ядае істоту маю і душу.\\ \\ Я ніколькі наступнай вайны не баюся,\\ Не, у атамным пекле Зямля не згарыць,\\ Не дрыжу перад будучай бойкай у скрусе,\\ Бо ніхто і нікога не зможа скарыць.\\ \\ Хоць не будзе вайны, не ўзарвуцца ракеты,\\ А жыццё не ўратуе ніхто і нідзе:\\ Смерць ідзе па Зямлі, выбіраючы мэты\\ У паветры, на сушы, у мёртвай вадзе.\\ \\ Мы патруцім сябе радыяцыяй, газам,\\ Выесць вочы і душы настылыя дым.\\ Смерць нячутна ідзе, каб не згінулі разам,\\ A знікалі павольна адзін за адным.\\ \\ У нябыт адыходзяць счарнелыя пушчы,\\ Самагубствам канчаюць маржы і кіты.\\ Акіяны і рэкі дзівак невідушчы\\ Вынішчае ў прыпадку сваёй слепаты.\\ \\ За мільёны гадоў не здалелі скалечыць\\ Так Зямлю, як яе пакалечылі мы.\\ I сябе і яе давялі да галечы,\\ А яна ўсё маўчыць, як цярплівы нямы.\\ \\ А каб мела язык, як яна б закрычала:\\ «Пашкадуйце, няшчасныя, хоць бы сябе.\\ Ці не бачыце вы, што «вучонасці» джала\\ I бяздумная пыха ўсё жывое заб’е.\\ \\ Знікнуць людзі і рэкі, салавей адспявае,\\ I, магчыма, з галактык убачаць здаля,\\ Як павольна плыве, у Сусвеце нямая,\\ У адвечнай жалобе пустая Зямля».\\ \\ Уратуйце Зямлю, апантаныя людзі.\\ Можа, шчасце хоць вашым прапраўнукам будзе! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-перасцярога]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-раўнавага]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]]