~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Падарожжа &keywords = шкада, прайсці, таптаць, лотаць, жыцці &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Падарожжа" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Падарожжа ====== Я не стаю на раздарожжы,\\ Мне пэўны шлях даўно відзён.\\ Усё жыццё я ў падарожжы –\\ Ад першых да апошніх дзён.\\ \\ Бо мой рубеж яшчэ не блізка,\\ Хоць б'юць часамі перуны,\\ А я вандрую ад калыскі\\ I правандрую да труны.\\ \\ Але шкада, што век кароткі,\\ А свету не відаць канца,\\ Што пехатою ад Находкі\\ Ужо не дайсці да Камянца,\\ \\ Што легкадумныя раманы\\ Больш не паўторацца ў жыцці,\\ Што непраходныя урманы\\ Наўрад ці прыйдзецца прайсці.\\ \\ Шкада. А каб усё спачатку\\ Зноў паўтарыць за кругам круг,\\ Хадзіць праз вузенькую кладку\\ Вясной з дзяўчатамі на луг.\\ \\ I зноў навыперадкі лётаць\\ Цераз купальскія кастры,\\ Таптаць задымленую лотаць\\ I цалавацца да зары.\\ \\ Шкада, што не з усімі стрэўся,\\ Каго калісьці мог сустрэць,\\ Што каля тых агнёў не грэўся,\\ Дзе мог і я душу сагрэць\\ \\ Жывым, гарачым хваляваннем,\\ Любоўю, светлым пачуццём.\\ Таму цяпер усё дазвання\\ Хачу зрабіць сваім жыццём:\\ \\ Паветрам дыхаць навальнічным,\\ Таптаць і лотаць, і мурог,\\ З акрайцам і з вадой крынічнай\\ Прайсці яшчэ мільён дарог,\\ \\ Не ўслед, а поплеч з маладымі,\\ Каб смела марыць, прагна жыць,\\ Узняцца сцежкамі крутымі,\\ Дзе зорка ў бездані дрыжыць,\\ \\ Дзе за ліловым небасхілам\\ Арбіты зорныя прайшлі,\\ Дзе самі вырастаюць крылы,\\ Каб зноў вярнуцца да Зямлі,\\ \\ Дзе пахнуць першыя рамонкі,\\ Дрыжаць пад месяцам гаі\\ I свішчуць на світанні звонка\\ I традыцыйна салаўі.\\ \\ Таму хвалюе і трывожыць\\ Усё, што стрэнецца ў жыцці,\\ Таму, прыйшоўшы з падарожжа,\\ Ізноў збіраюся ісці.\\ \\ 1964 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>кругасветнае-падарожжа]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-стасева-падарожжа]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-падарожжа]] * [[ibdc.ped>адважныя-падарожнікі]] * [[творы/янка-маўр/янка-маўр-падарожжа-вакол-дома]]