Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-мястэчка

Гэта старая версія дакумента!


Сяргей Грахоўскі — Мястэчка

Цвіце за аселіцай грэчка
У роснай лясной старане,
Далёкае наша мястэчка
Забыла даўно пра мяне.

А мне яно сніцца і сніцца
У пыле пясчаных дарог,
Апошні званар на званіцы,
Глухі і ссівелы, як бог.

Старыя замшэлыя дахі
Гарбарняў, хлявоў і адрын,
Сады і садкі каля шляху,
І хмельны салодкі язмін.

Да самай апошняе рыскі
Усё тут знаёмае мне:
Пад бэлькаю крук ад калыскі,
Шпакоўня на гулкім гумне.

Складаю далоні і клічу
Равеснікаў даўніх маіх,
І юныя бачу абліччы
Жывых і даўно нежывых.

Мяне не пазнаюць суседкі
Сягоння такога, як ёсць.
Таму запрашаю у сведкі
Забытую тут маладосць.

Успомню: рыпелі капоты,
Плылі пад чаромхай чаўны,
І месяц глядзеў на пяшчоты
Семнаццатай нашай вясны.

Маўчаць і схіляюць галовы
У рэдзенькіх пасмах сівых
Даўно адзінокія ўдовы
Сяброў незабыўных маіх.

У будні і ў гучныя святы
Схіляю і я галаву,
Нібы сапраўды вінаваты,
Што за аднагодкаў жыву.

Смыліць, як у сэрцы насечка,
Як самы шчымлівы радок:
Мястэчка, мястэчка, мястэчка,
Навек дарагі гарадок.

1980


Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 2. Вершы, паэмы, казкі, пераклады. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 414с.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мястэчка.1755963869.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki