~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Мястэчка &keywords = мястэчка, даўно, сніцца &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Мястэчка" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Мястэчка ====== Цвіце за аселіцай грэчка\\ У роснай лясной старане,\\ Далёкае наша мястэчка\\ Забыла даўно пра мяне.\\ \\ А мне яно сніцца і сніцца\\ У пыле пясчаных дарог,\\ Апошні званар на званіцы,\\ Глухі і ссівелы, як бог.\\ \\ Старыя замшэлыя дахі\\ Гарбарняў, хлявоў і адрын,\\ Сады і садкі каля шляху,\\ І хмельны салодкі язмін.\\ \\ Да самай апошняе рыскі\\ Усё тут знаёмае мне:\\ Пад бэлькаю крук ад калыскі,\\ Шпакоўня на гулкім гумне.\\ \\ Складаю далоні і клічу\\ Равеснікаў даўніх маіх,\\ І юныя бачу абліччы\\ Жывых і даўно нежывых.\\ \\ Мяне не пазнаюць суседкі\\ Сягоння такога, як ёсць.\\ Таму запрашаю у сведкі\\ Забытую тут маладосць.\\ \\ Успомню: рыпелі капоты,\\ Плылі пад чаромхай чаўны,\\ І месяц глядзеў на пяшчоты\\ Семнаццатай нашай вясны.\\ \\ Маўчаць і схіляюць галовы\\ У рэдзенькіх пасмах сівых\\ Даўно адзінокія ўдовы\\ Сяброў незабыўных маіх.\\ \\ У будні і ў гучныя святы\\ Схіляю і я галаву,\\ Нібы сапраўды вінаваты,\\ Што за аднагодкаў жыву.\\ \\ Смыліць, як у сэрцы насечка,\\ Як самы шчымлівы радок:\\ Мястэчка, мястэчка, мястэчка,\\ Навек дарагі гарадок.\\ \\ 1980\\ \\ Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 2. Вершы, паэмы, казкі, пераклады. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 414с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]] * [[ibdc.ped>роднае-мястэчка]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]]