~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Мая радаслоўная &keywords = магчыма, неспакой, пару, здзіўленне, прашчуры &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Мая радаслоўная" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Мая радаслоўная ====== Сваіх не ведаю вытокаў\\ І радаслоўную забыў:\\ Назад зірну на пару крокаў –\\ I не скажу, кім прадзед быў.\\ \\ Забыты прашчураў магілы,\\ Палеглі продкі ў курганы,\\ А лішку неадольнай сілы\\ Нашчадкам аддалі яны.\\ \\ Іх сіла нашы крышыць горы,\\ Іх кроў спрадвеку ў пас цячэ,\\ І прашчуры глядзяць на зоры\\ Праз шчыліны маіх вачэй.\\ \\ Маё здзіўленне – іх здзіўленне,\\ Іх неспакой – мой неспакой,\\ І ловяць прашчуры праменні\\ Маім паглядам і рукой.\\ \\ А кім яны былі калісьці,\\ У той, непрыгаданы век?\\ І як яны шукалі выйсця\\ З лясоў, з дрыгвы, з таежных рэк\\ \\ І з тупікоў чужой улады?\\ Як іх лавілі цівуны\\ І білі па законах здрады,\\ Але ўскрасалі зноў яны?\\ \\ Не знаю, хто ў маёй аснове –\\ Вандроўнікі ці ўцекачы,\\ І хто ў маім азваўся слове –\\ Радзімічы ці крывічы.\\ \\ А можа, ў грэнадзёрскай шапцы,\\ Ў мундзіры на заморскі лад,\\ Прыйшоўся да душы прабабцы\\ Напалеонаўскі салдат?\\ \\ Магчыма, ёсць пачатак польскі?..\\ Аднойчы, мне зірнуўшы ў твар,\\ [[постаці/віталь-вольскі|Віталі Фрыдрыхавіч Вольскі]]\\ Сцвярджаў, што быццам я з татар.\\ \\ Усё магчыма, усё магчыма,\\ Калі згубіўся продкаў след,\\ Калі наіўнымі вачыма\\ Гляджу, як і яны, на свет\\ \\ І тым заўсёды ганаруся,\\ Што ў шчаслівейшую пару\\ Я нарадзіўся ў Беларусі\\ І так, як маці, гавару. \\ \\ Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>помню-тую-вясну]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-продкі]] * [[аналіз-і-крытыка/дзяды-вытокі-кожнага-народа]] * [[ibdc.ped>скарбы-продкаў]] * [[ibdc.ped>духоўная-энергія]]