~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Маці не спіць &keywords = маці, дзеці, двое, тупае, спіць, свяце, радасць, ранку, свята, начэй, дзяцей, вачэй, трывога &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Маці не спіць" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Маці не спіць ====== Двое дзяцей – двое вачэй,\\ Маці не знае спакойных начэй:\\ Вейкі зліпаюцца,\\ Раніца блізка,\\ Ціха плыве\\ У світанне калыска.\\ Маці не спіць. Маці не спіць.\\ Просяць засмяглыя вусны папіць\\ Тупае босая маці\\ З ранку да ранку па хаце.\\ \\ Дзеці трызняць у адзёры –\\ Матчыны слёзы,\\ Матчына гора.\\ Свету не бачыць, нібыта сляпая,\\ Ценем самотным нячутна ступае\\ Маці з тугой і надзеяй,\\ Сэрца і кроў халадзее.\\ Дзеці пабеглі зялёнаю сцежкай,\\ І засвяціліся вочы усмешкай –\\ Першая радасць у маці,\\ Першае свята на свяце.\\ \\ Выраслі дзеці,\\ Пайшлі у дарогу,\\ Зноў запяклася на сэрцы трывога:\\ Дзе мае дзеці?\\ Як мае дзеці?\\ Хоць бы не крыўдзілі людзі па свеце.\\ Дзе яны спалі?\\ Што яны елі?\\ Як дачакацца наступнай нядзелі?\\ Тупае маці з сянец у камору:\\ Хоць бы адведаць прыехаў каторы!\\ Хукае ў шыбу, глядзіць у завею –\\ Маці чакае,\\ Маці сівее.\\ \\ Хрусне з марозу за хатай прысада,\\ Маці здаецца – гудзе кананада.\\ А паштальёнка пастукае ў раму,\\ Страшна адразу узяць тэлеграму:\\ Што ў ёй?\\ Няшчасце?\\ Бяда?\\ Ці трывога?..\\ ...Сын прыязджае з далёкай дарогі!\\ \\ З раніцы тупае маці –\\ Радасць і свята на свяце.\\ Двое дзяцей – двое вачэй.\\ Многа яшчэ неспакойных начэй\\ Будзе у маці. \\ \\ Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>да-маці]]