Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-купалаў-запавет

Гэта старая версія дакумента!


Сяргей Грахоўскі — Купалаў запавет

Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?

//Янка Купала//


Схіляюся да долу нізка-нізка,
Душою прыпадаю да зямлі,
Дзе некалі Купалаву калыску
Гайдалі і буслы, і жураўлі.

I салаўі спявалі напрадвесні,
Ігралі на цымбалах капяжы
I жніўная зажураная песня
Кранала струны кожнае душы.

Спавітаму у кужаль немаўляці
Знаёмы і ад зморы ледзь жывы
Ласкавы голас маладое маці
Расказваў казку пра курган сівы…

Змянялі лета восені і зімы,
Завеі замяталі след у след,
Шляхамі заняволенай радзімы
Пайшоў Прарок з жалейкаю у свет.

Спазнаў ён і знявагу, і нягоду,
У горы матчыныя песні прыгадаў
I ў спадчыну пакутніку-народу
Усё, што ў сэрцы спела, перадаў.

Святло Купалавай навукі
Праз церні забаронаў і пагроз
Нясуць у свет няскораныя ўнукі,
Каб Беларусь спазнала лепшы лёс.

3/VII-94


Крыніца: Грахоўскі С. Недапісаная кніга: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1996. – 271 с.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-купалаў-запавет.1755963869.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki