Гэта старая версія дакумента!
Сяргей Грахоўскі — Купалаў запавет
Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?
//Янка Купала//
Схіляюся да долу нізка-нізка,
Душою прыпадаю да зямлі,
Дзе некалі Купалаву калыску
Гайдалі і буслы, і жураўлі.
I салаўі спявалі напрадвесні,
Ігралі на цымбалах капяжы
I жніўная зажураная песня
Кранала струны кожнае душы.
Спавітаму у кужаль немаўляці
Знаёмы і ад зморы ледзь жывы
Ласкавы голас маладое маці
Расказваў казку пра курган сівы…
Змянялі лета восені і зімы,
Завеі замяталі след у след,
Шляхамі заняволенай радзімы
Пайшоў Прарок з жалейкаю у свет.
Спазнаў ён і знявагу, і нягоду,
У горы матчыныя песні прыгадаў
I ў спадчыну пакутніку-народу
Усё, што ў сэрцы спела, перадаў.
Святло Купалавай навукі
Праз церні забаронаў і пагроз
Нясуць у свет няскораныя ўнукі,
Каб Беларусь спазнала лепшы лёс.
3/VII-94
Крыніца: Грахоўскі С. Недапісаная кніга: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1996. – 271 с.
Падобныя старонкі
- янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-
- янка-купала/пошукі-героямі-шляхоў-да-шчаслівага-жыцц
- янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа
- янка-купала/тэма-паэта-і-паэзіі-ў-творчасці-янкі-куп
- янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы