~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Колас &keywords = колас &abstract = Чытаць верш "Колас" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Колас ====== Ён узышоў на нёманскай раллі\\ З маленькага адборнага зярняці.\\ Слязьмі і потам палівала маці\\ Яго на поснай, не сваёй зямлі.\\ \\ Ён прагна пацягнуўся да святла —\\ Сцяблінка ледзьве-ледзь пласты прабіла Ад градабою дзічка засланіла,\\ Ад згубы перапёлка зберагла.\\ \\ Закаласеў, закрасаваў, высока Падняў над жытнім полем галаву:\\ Убачыў нашу ніву, і траву,\\ I сонца, і ружовыя аблокі.\\ \\ У навальніцу буйныя вятры\\ Кацілі збожжа ўспененыя хвалі,\\ Але высокі колас не зламалі\\ I нават не сагнулі без пары.\\ \\ Ён выстаяў і выспеліў зярняты,\\ Яму шапталі казкі васількі,\\ Яго віталі крыллем ветракі,\\ Здалёк з надзеяй пазіралі хаты.\\ \\ Шумела жыта, і каціўся голас\\ То грозны, то пяшчотны ў цішыні,\\ Заходзіўся жаўрук у вышыні,\\ А песні жалю пеў даспелы колас.\\ \\ Праз дым пажараў завітала свята\\ У нашыя прасторныя палі.\\ Вялікі Колас выспеліў зярняты —\\ Адвечны скарб для новае зямлі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]] * [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]