~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Казкі жыцця &keywords = Грахоўскі, казкі, жыццё &abstract = Чытаць верш "Казкі жыцця" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Казкі жыцця ====== А я дагэтуль веру ў казкі,\\ Хоць казкі розныя былі,\\ То з ласкаю, а то без ласкі,\\ З дабром і з горам на зямлі.\\ \\ Я казкам веру, як і верыў,—\\ Без казак холадна душы.\\ А часам нейкія хімеры\\ Мне шэпчуць: «Лепш не варушы\\ Сваіх балючых успамінаў,\\ Жыві для радасных надзей,\\ Што толькі суцяшаць павінны\\ I сэрца хваляваць радзей».\\ \\ Я часам сам сабе не веру,—\\ Дзе ява, дзе трызня, дзе сон,\\ А казкі пра ліхога звера\\ Трывожаць і да гэтых дзён.\\ \\ То ў казках ажыве яскрава\\ Усё, што цешыла раней,\\ Але бывае часам ява\\ За казку страшную страшней.\\ \\ Жыццё спяшаецца імкліва,\\ Гарыць, то тлее каганцом.\\ Я веру ў казкі са шчаслівым\\ I непрыдуманым канцом.\\ \\ 1986 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ппш]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-казкі-і-краскі]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-казка-пра-музыку]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-вавёрчына-гора]] * [[слоўнік/казка]]