Сяргей Грахоўскі — Захварэла ласяня

Захварэла ласяня.
З лесу збеглася радня:
Тата, мама, бабка, дзед.
Брат, сястрычка і сусед.

Плача, енчыць ласяня:
– Мне не вытрымаць да дня:
Коле, торгае, скубе
За вушамі і на лбе,

З боку ў бок мяне вядзе,
Галава, як звон гудзе,
Жар абсыпаў галаву…
Не, да дня не дажыву.

Плача мама, плача татка,
Што загіне ласянятка.
Плачуць брат, сястра, сусед,
Але ўсіх суцешыў дзед:

– Пацярпі, дзіцятка, трошкі –
Бо прарэзваюцца рожкі.

Падобныя старонкі