Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-душа

Гэта старая версія дакумента!


Сяргей Грахоўскі — Душа

Мяне выхоўвалі,
Мяне захоўвалі,
Я то з’яўляўся,
То знікаў,
Мяне вадзілі
I ахоўвалі,
Хоць я нікуды
Не ўцякаў.

I пад замкамі,
I пад пломбамі,
Нібы каштоўнасць,
Бераглі
I неба клеткамі
I ромбамі
Разлінавалі,
Як маглі.

Мяне узважвалі і мералі,
Здымалі
Ў профіль і анфас,
Але ні разу
Не праверылі
Душы наяўнасць
I запас.

Шкада,
Што не здымаюць копію
З яе юрысты
I ўрачы,
I ні адна дактыласкопія
Не можа тут дапамагчы.

Мая душа
Супраціўлялася,
Бо верыла і тым жыла,
І не чарсцвела
Не ламалася —
Была такою, як была.

Хоць дзіўна,
Ў чым яна трымалася,
А паспрабуй
Яе сагні!
Яна ж з маленства
Гартавалася
На чыстым,
Праведным агні.

1964

Падобныя старонкі

  • алесь-бадак/алесь-бадак-душа
  • максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-стогны-душы
  • рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-душа-баліць
  • віктар-карамазаў/віктар-карамазаў-зачараваная-душа
  • уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-душа-мая-тужлівая
творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-душа.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki