~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Бяссмерце &keywords = чалавек, прагна, шумяць, крыві, гады, добры, жыве, песні &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Бяссмерце" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Бяссмерце ====== Ці забываецца навек,\\ Калі сканае чалавек?\\ Не знікне ён,\\ Таму, што ў свет\\ Вядзе яго нябачны след.\\ Яго няма, а ён жыве\\ У даўняй песні і ў траве,\\ У цвеце веснавых садоў,\\ У памяці дзяцей і ўдоў.\\ Няхай яго няма між нас,\\ Няхай імя закрэсліў час,\\ А ён жыве ў маёй крыві\\ І мне загадвае: «Жыві\\ І за сябе і за мяне,\\ Каб соль трашчала па спіне,\\ Каб рукі ў мазалях гулі,\\ Каб песні звонкія былі».\\ Я п’ю бярозавік густы,\\ З таго надрэзу, што і ты\\ Ашчадна некалі падсек,\\ Мой прашчур, добры чалавек.\\ І нада мной шумяць лісты\\ Прысадаў, што дагледзеў ты,\\ Галінку кожную і сук\\ Сагрэў цяплом шурпатых рук.\\ Гудуць пад коламі масты,\\ Дзе перакінуў кладку ты,\\ Красуюць жыта і авёс,\\ Што ты за пазухай прынёс\\ На ляды ў даўнюю вясну –\\ На колішнюю цаліну.\\ Ты ставіў хаты, дровы сек,\\ Мой продак, добры чалавек,\\ Не шкадаваў ні рук, пі жыл,\\ Бо ўсё умеў, бо прагна жыў,\\ Твае сагрэлі мазалі\\ Усё жывое на зямлі.\\ \\ Ідуць гады, шумяць гады,\\ Твае ж не сцерліся сляды.\\ Ты прагна жыў, жывеш, жыві\\ Крывінкаю ў маёй крыві.\\ Магчыма ўнукі ўспомняць нас\\ На віражах касмічных трас.\\ \\ А чым аздобіць новы век\\ Адукаваны чалавек?\\ \\ 1962 \\ \\ Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[ibdc.ped>чалавек-і-прырода]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[ibdc.ped>рэкі-і-людзі]] * [[творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-чалавек]]