~~META: title = Станіслаў Шушкевіч — Ліса з магнітафонам &keywords = ліса, магнітафон, барсук, хата, голас, дзверы, кватэры, зрабіць, салавей, мядзведзь, пытае, галасы, барсуковай &abstract = Чытаць казку Станіслава Шушкевіча "Ліса з магнітафонам" &iftrue = True ~~ ====== Станіслаў Шушкевіч — Ліса з магнітафонам ====== Купіла Ліса дарагі магнітафон, збіралася не толькі слухаць прыемную музыку, а і пэўную карысць мець. Але... Але не збыліся мары Лісы.\\ Ідзе яна праз гай. Чуе салаўіную песеньку. Здымае магнітафон, ставіць пад дрэвам і запісвае цудоўныя спевы. Убачыў гэта Салавей, узмахнуў крыльцамі і ўзляцеў на самую верхавінку дрэва. Ліса просіць Салаўя спусціцца ўніз і сесці ля мікрафона. І што ж вы думаеце? Салавей адказаў ёй проста і нават грубавата:\\ – Няма дурных, шаноўная Лісачка!\\ – Мілы Салоўка, – схіліўшы галаву, праз зубы працадзіла Ліса, – ды я ж хачу ўвекавечыць непаўторны талент. Запішу твой голас на стужку і аддам яе на вечнае захаванне Крату. Праз сотні год пачуюць нашчадкі твой голас.\\ – Мне векавечная слава не патрэбна, – кажа Салавей. – Ідзі прэч са сваёй катрынкай!..\\ Пайшла Ліса ў бярэзнічак і з такой жа просьбай звярнулася да вясёлай Берасцяначкі. А тая махнула хвосцікам, ціўкнула і паляцела ў гушчар.\\ – Які з гэтых птушак наедак? – буркнула сама сабе Ліса і пайшла ў глухі лог. Знайшла там знаёмую сцежку і падалася да старога Ваўка. Ліса была ў яго на тым тыдні, прасіла, каб ён дапамог выселіць старога Барсука з яго новай кватэры, але Воўк не згадзіўся, сказаў, што за грубасць яго могуць сурова пакараць. А цяпер Ліса цешыла сябе думкаю, што ашукае Ваўка, зробіць так, што ён ні аб чым не здагадаецца.\\ Стукаецца ціха ў Воўчыя дзверы Ліса, пытае, ці можна зайсці.\\ – Калі ласка, заходзь, кума! – кажа Воўк. – Якія навіны прынесла, што добрае чуваць?\\ – Вось бачыш, дружа, з магнітафонам завітала да цябе, хачу твой голас запісаць на стужку, а пасля аддаць яе на вечнае захаванне Крату. Праз сотні год пачуюць нашчадкі тваё слова, ацэняць твой талент.\\ – Дык што ж мне зрабіць? – пытае Воўк.\\ – Ты, паважаны, спачатку моцна-моцна завый! Я чула калісьці, як ты склікаў сваякоў. О, які ў цябе быў магутны голас!\\ Воўк завыў, ды так, што ажно магнітафон затросся.\\ – А цяпер, мой міленькі, – шэпча Ліса Ваўку на вуха, – скажу па сакрэту. Я пасварылася са сваім мужам і сказала, што не буду з ім размаўляць. Хачу неспадзяванку зрабіць. Загаворыць да мяне муж, а я да яго ні слова. Загаворыць другі раз, а я магнітафон уключу і пачуе ён твой грозны голас: Надакучыў ты без меры,\\ Уцякай з маёй кватэры!.. – Дык што ж мне зрабіць? – зноў пытае Воўк.\\ – А ты, мой даражэнькі, разоў дзесяць паўтары тое, што я табе ўжо сказала: Надакучыў ты без меры,\\ Уцякай з маёй кватэры!.. Вые Воўк перад мікрафонам, паўтарае слова ў слова тое, што яму Ліса сказала. Хітруха сочыць за ім і аж трымціць ад радасці.\\ Скончыла Ліса запіс Воўчага голасу, закінула магнітафон за плечы і пабегла наўпрасткі ў дубнячок да Барсуковай хаты. Пачуў Барсук, як Ліса цяжка сапе, падымаецца на пагорак. Глянуў праз шчылінку ў дзвярах на нязваную госцю і гадае, што яна рабіць будзе.\\ Прабралася Ліса ў хмызнячок ля Барсуковай хаты, паставіла там магнітафон і завяла яго, а сама шмыгнула ў лес.\\ Пачуў Барсук спачатку прыгожы салаўіны голас, пасля ціўкнула некалькі разоў Берасцяначка, а ўрэшце пачулася пагрозлівая Воўчая песенька: Надакучыў ты без меры,\\ Уцякай з маёй кватэры!.. Смешна стала Барсуку. Паклікаў ён жонку, расказаў пра Лісіныя хітрыкі, і яны скемілі, што трэба зрабіць. Прынеслі магнітафон у хату і зрабілі на магнітафоннай стужцы кароценькі адказ Лісе. Магнітафон зноў вынеслі на старое месца, а самі селі за стол каву піць і свежую газету чытаць.\\ Ліса думала, што яна напалохае Барсука Воўчым голасам, што Барсук збярэ свае рэчы і ўцячэ з новай кватэры. Вярнулася да Барсуковай хаты, чуе праз дзверы вясёлыя галасы і дзівіцца:\\ – Няўжо я яго не напалохала?.. А можа, ён нічога не чуў?..\\ Прывалакла Ліса магнітафон пад дзверы, схавала ў зеляніне, завяла, а сама недалёка за кусцікам прысела.\\ Чуе Ліса з магнітафона галасы Салаўя і Берасцяначкі, пасля выццё Ваўка, а ўрэшце пачула насмешлівую Барсукову песеньку: Бяры хутчэй магнітафон,\\ Бяжы ты з хаты маёй вон! Зразумела Ліса, што і Барсук ужо ў магнітафоннай тэхніцы разбіраецца, што яго не так лёгка ашукаць і напалохаць. Ускінула Ліса магнітафон на плечы і паплялася дадому.\\ Прыйшла стомленая, галодная. У пярэднім пакоі паставіла на стале магнітафон, а сама лягла ў спальні спаць. Нават дзверы забылася зачыніць.\\ Тым часам праходзіў каля Лісінай хаты Мядзведзь. Парашыў ён зайсці да суседкі. Глянуў у расчыненыя дзверы, бачыць, магнітафон на стале стаіць, а гаспадыня ў спальні спіць і нічога не чуе. Надумаў Мядзведзь пажартаваць з Лісы, завёў магнітафон, а сам у мяккай канапе рассеўся.\\ Чуе Мядзведзь прыемныя галасы Салаўя і Берасцяначкі, а пасля Воўчы голас, а нарэшце і Барсук загаварыў: Бяры хутчэй магнітафон,\\ Бяжы ты з хаты маёй вон. – Ну, калі просяць, дык і зробім гэтак, – сказаў Мядзведзь. Узяў магнітафон і пайшоў з ім у свой дом-бярлогу.\\ Аж пад раніцу прачнулася Ліса, глянула на стол, а магнітафона няма. Горкімі слязамі заплакала яна, пачала прыгаворваць:\\ – Гэтулькі грошай аддала, а карысці аніякай. Цяпер свет такі стаў, што звяры і птушкі парабіліся мудрэйшыя за мяне.\\ Воддаль у лесе спяваў Салавей, ціўкала Берасцяначка, а Барсук клікаў сваіх дзетак на снеданне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-верабейка]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-па-лісточку-поўзаў-см]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-свавольнікі]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-знатныя-лісічкі]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-камарык]]