~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Цецерукі на бярозах &keywords = хлопчык, унучак, птушкі, снезе, бярозах, цецерукі &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Цецерукі на бярозах" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Цецерукі на бярозах ====== Па дарозе ўздоўж лесу едуць сані. Канём кіруе старэнькі дзядок.\\ Побач з ім сядзіць хлопчык. Раптам ён, зацікаўлены, аж падаецца наперад, ажыўляецца:\\ – Дзядуля, што гэта за птушкі на бярозах сядзяць?\\ – Цецерукі, унучак.\\ – А чаму іх ніхто не паловіць, такіх прыгожых?\\ – Гэта, унучак, надзвычай асцярожныя птушкі, – тлумачыць дзед. – Нашто ўжо ястраб добры лятун, а і той не можа цецерукоў у палёце дагнаць.\\ – А што яны робяць на дрэвах?\\ – Кормяцца.\\ – Чым?\\ – Бярозавымі пупышкамі. Калі няма нічога лепшага, то і гэтаму рад будзеш.\\ – А дзе яны хаваюцца, як ноч прыйдзе?\\ – У снезе, унучак.\\ – У снезе?! – здзіўляецца хлопчык, не разумеючы, як можна спаць у снезе.\\ – Надвячоркам апусцяцца чародкай дзе-небудзь на лясной палянцы, закапаюцца ў пульхны снег дый паснуць.\\ – І не холадна ім?\\ – Лепей, чым на голым суку, на марозе. Зацішней як-ніяк.\\ Хлопчык з цікавасцю ўглядаецца ў цецерукоў на белых бярозах. Што за прыгожыя птушкі! Самі чорныя, бы той вугаль, бровы чырвоныя. На крылах быццам люстэркі срэбныя блішчаць.\\ Вось яны пачулі гамонку і з шумам сарваліся з бяроз. Вялікія, зграбныя, таропка ляцяць над белым полем. А хлопчык як зачараваны глядзіць ім услед. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[ibdc.ped>цецерукі]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]]