~~META: title = Рыгор Ігнаценка — У зімовым садку &keywords = снапок, садку, дарозе, рукі, гарышча, прыгожыя, снегіры &abstract = Апавяданне Рыгора Ігнаценкі "У зімовым садку" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — У зімовым садку ====== Улетку ехаў я на веласіпедзе і знайшоў снапок ільну на дарозе. Мусіць, перавозілі, дык згубіўся. Узяў яго ў рукі – важкі такі, з буйнымі неабмалочанымі галоўкамі, якія моцна шамацелі на тонкіх сцяблінках.\\ Снапок быў мне не патрэбен. Але і пакінуць яго на дарозе было неяк шкада. Усё ж клапатлівыя рукі сеялі і расцілі лён.\\ Прывязаў я снапок да багажніка і паехаў далей. Дома закінуў яго на гарышча, каб пад рукамі не замінаў.\\ Неяк зімою палез на гарышча і натрапіў на гэты снапок. А давай, думаю, яго ў садку пастаўлю, мо спатрэбіцца каму.\\ Назаўтра адхінаю раптам фіранку на акне, а на маім снапку тры сінічкі сядзяць і семем ласуюцца. А дзве другія па белых вішаньках скачуць. «Цвінь-цвінь-цвінь!» – тоненька звіняць у заснежаным садку.\\ Неўзабаве жаўтагрудыя аўсянкі завіталі. «Ціт, ціт, ціт!» – загучалі ў садку і іх галасы. Праз нейкі час аднекуль з’явіліся прыгожыя зелянушкі. «Юррр! Юррр!» – новыя гукі ўліліся ў птушыны гоман.\\ Услед за зелянушкамі прыляцелі чырванагрудыя снегіры. Паважныя такія, ганарлівыя. Праўда, снегіры – птушкі маўклівыя. Але ж затое якія прыгожыя! Пасядуць на снапок – увесь чырвоны зробіцца, быццам навагодняя ёлка лямпачкі запаліла.\\ Потым з’явіліся чачоткі з вераб’ямі. «Чэ-чэ-чэ! Жыў-жыў-жыў!» – падалі і яны аб сабе вестку.\\ А аднойчы нават дзяцел завітаў. Лясны доктар старанна агледзеў у садку дрэўцы, потым узяў з кармушкі гарбузовую семачку і паляцеў з ёю ў лес.\\ Вось які вясёлы снапок аказаўся. Зіма, халадэча, усё навокал глыбокім снегам завалена. А мой садок увесь стракаціць рознымі птушкамі, гамоніць вясёлымі галасамі. Быццам сярод зімы ў яго вясна завітала. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]]