~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Сон у лесе &keywords = спяць, ноччу, звяры, гнёздах, гняздзе, дуплах, спіць, лесе, начуюць &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Сон у лесе" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Сон у лесе ====== Ціха ноччу ў заснежаным лесе. Не відаць ні звяроў, ні птушак. Дзе ж яны начуюць зімой?\\ Вось на густой елцы чарнее вялікі шар, а з яго струменьчыкам выбіваецца пара. У цёплымі мяккім гняздзе спіць вавёрка. Яна вельмі любіць цяпло і старанна рыхтуе на зіму сваю спальню.\\ А побач, не зважаючы на люты мароз, спяць на галінках маленькія птушачкі каралькі. Яны любяць свежае паветра.\\ У дуплах старых дрэў начуюць дзятлы і сініцы. У вялікіх гнёздах, засланых пухам і поўсцю, спяць чорныя крумкачы. Зверху падае снег, а ў іх гняздзе цёпла і ўтульна.\\ Звечара цецерукі і курапаткі ў пульхным снезе робяць свае глыбокія норкі, зашываюцца ў іх і спакойна спяць, як у пуховых падушках.\\ Але не ўсе звяры спяць ноччу. Заяц адпачывае днём, а як змеркнецца, ён асцярожна бегае па лесе і па полі, шукае, чым бы пажывіцца. Не спяць ноччу казулі, ласі, дзікі. І воўк у змроку выходзіць на паляванне.\\ Чуйна спяць у сваіх гнёздах і дуплах звяры і птушкі: пачуецца стрэл ці трэсне галіна – яны адразу прачынаюцца і шукаюць больш надзейнае месца.\\ А калі ціха, спакойна – спіць зімовы лес. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-зімовая-ноч]] * [[ibdc.ped>у-лесе]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-ноч]] * [[ibdc.ped>начное-жыццё]] * [[ibdc.ped>веснавая-ноч]]