~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Птушка-нарушка &keywords = сяргейка, норка, птушка, жывуць, птушак, мышыная, каменка, капаюць &abstract = Апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Птушка-нарушка" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Птушка-нарушка ====== Іду аднаго разу па вуліцы, а насустрач – Сяргейка, суседскі хлапчук. Спыніўся і раптам запытаў мяне:\\ – Якія птушкі ў норках жывуць?\\ – Ластаўкі-беражанкі, – здзіўлены яго пытаннем, адказаў я.\\ – Не, гэта была не ластаўка.\\ – Можа, зімародак?\\ – А які ён?\\ – Спінка блакітная, куртаты хвост, доўгая дзюба.\\ – Не, – крутнуў галавой Сяргейка.\\ – Тады, можа, шчурка? – гадаю я. – Рыжавата-сіняя птушка, велічынёй са шпака.\\ – Гэта меншая, з вераб’я, – падказаў Сяргейка.\\ – Няма ў нас болей птушак, якія б вяліся ў норках.\\ – Ёсць, – не пагаджаецца Сяргейка. – Я ж бачыў яе.\\ Што ж гэта за птушка такая? Мяне самога пачала разбіраць цікаўнасць. І я папрасіў:\\ – Пакажы, дзе яна жыве.\\ Сяргейка падвёў мяне да кучы камянёў побач дарогі і паказаў норку пад імі.\\ – Э-э-э, мышыная, – махнуў я рукой.\\ – Не мышыная, а птушкі-нарушкі, – пярэчыў Сяргейка.\\ Прыселі на зямлю зводдаль, чакаем гаспадыню норкі. Хто яна, мышка ці птушка? Я ўпэўнены, што мыш. Сядзім і моўчкі на нару пазіраем. Падлятае, бачым, шэрая птушачка з чарвячком у дзюбцы. Паскакала на камені, пабліскваючы белым надхвосцем, і – шусь у норку!\\ – Там у яе, – шапчу, – маленькія дзеці. А ведаеш, як завуць яе? Каменка.\\ – А вы ж казалі, што няма болей птушак, якія ў норках жывуць.\\ – Самі каменкі норак не капаюць, – пачаў тлумачыць я. – Капаюць ластаўкі-беражанкі, зімародкі і шчуркі. Гэтая ж каменка, бачыш, упадабала мышыную норку. Любіць віць гнёзды ў крушнях – кучах камянёў, за гэта і завуць яе каменкай.\\ Сяргейка паслухаў і кажа:\\ – А я буду зваць яе птушкай-нарушкай.\\ – Што ж, няхай сабе будзе нарушкай, – пагадзіўся я. – Толькі не чапай яе, не палохай, у гняздзечку – птушаняткі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-вясеннім-небе]] * [[ibdc.ped>песня-птушкі]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-птушыная-мова]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-птушыныя-напевы]] * [[ibdc.ped>уладар-начной-пушчы]]