~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Патрэбная справа &keywords = дзядуля, дзед, мурашнік, мурашкі, сяргейка, міхал, лесу, дошчачку, цягнуць, бачыш, мурашкамі &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Патрэбная справа" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Патрэбная справа ====== Калісьці дзядуля Міхал сам быў лесніком. А цяпер ім стаў яго сын, а Сяргейкаў бацька. I хоць дзядуля ўжо старэнькі і слабы, але з лесам усё яшчэ не расстаецца, тое-сёе робіць у ім. Ды і ўнука гэтаму вучыць.\\ Вось пад маладой елачкай вялізны мурашнік узвышаецца. Дзядуля з унукам падыходзяць да яго, аглядаюць. Дзядуля тут жа непадалёк выбірае ў гушчары і ссякае маладую хвойку. Паваленае дрэўца яны абцярэбліваюць ад галля і распілоўваюць на некалькі частак. Дакладней кажучы, дзядуля разразае, а Сяргейка толькі дапамагае яму: трымае доўгую жардзіну. Потым дзядуля сякерай завострывае канцы ў палках і забівае іх у зямлю. На гэтыя калкі кладзе жэрдкі і прыбівае іх цвікамі. Такім чынам вакол мурашніка ўтвараецца агароджа. Сяргейка хуценька вымае з торбы невялікую дошчачку. На ёй друкаванымі літарамі напісана «Квартал». А пад ім парадкавы нумар. Дзядуля прыбівае дошчачку да калка і прымацоўвае да агароджы.\\ – А навошта мы гэта, дзядуля, робім? – цікавіцца Сяргейка.\\ – Каб лось нагою на мурашнік не стаў альбо дзік не разрыў. Ды і чалавек без патрэбы не будзе мурашнік непакоіць.\\ – А калі хто разрые, дык што будзе?\\ – Як гэта – што? Мурашкі пагінуць, – адказвае дзед.–А яны ж вельмі патрэбныя лесу.\\ – Навошта?\\ – Розных шкодных вусеняў, жукоў і іх лічынак знішчаюць. Апрача таго, смецце ў лесе падбіраюць. Бачыш, колькі яго тут мурашкамі сабрана.\\ Дзед Міхал сеў на купіну адпачыць. А Сяргейка пачаў за мурашкамі назіраць.\\ А яны, не зважаючы на хлопчыка, кожная сваім займаецца. Хто хваінку да жылля цягне, хто травінку якую ці пялёстак. Ніхто так не сядзіць.\\ – Дзядуля, глянь сюды! – неўзабаве ўсклікнуў хлопчык.\\ – Што там такое? – азваўся дзед.\\ – Мурашкі нейкую вялікую муху ў мурашнік цягнуць!\\ – А чаму ж ім не цягнуць? У гаспадарцы спатрэбіцца, – адказвае дзед.\\ – А во вусень! Цэлым гуртам яго валакуць! Ды як дружна!\\ – А ты ж пытаеш, навошта мурашкі. Там, дзе ёсць мурашкі, лес заўсёды здаровы і чысты.\\ Дзед памаўчаў з хвіліну і дадаў:\\ – Вось і мы сёння з табой, унучак, дапамагаем мурашкам, а заадно, вядома, і лесу. Каб ён быў чысты і здаровы. Справа гэта, як бачыш, не складаная. Але вельмі патрэбная. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]]