~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Незвычайны грыбнік &keywords = толік, палянка, хлопчык, грыбоў, грыбнік &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Незвычайны грыбнік" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Незвычайны грыбнік ====== Кожны грыбнік мае свае мясціны ў лесе. Меў такую і Толік. Гэта была невялічкая светлая палянка сярод лесу. На ёй рос тоўсты дуплаваты дуб. У дупле вяліся круцігалоўкі, і хлопчык часта назіраў, як птушкі кармілі сваіх дзяцей.\\ На палянцы кожны год расло шмат баравікоў, падасінавікаў, падбярозавікаў, суравежак. Аббяжыць Толік раненька сваю мясцінку, глядзіш – повен кошык грыбоў, маладзенькіх, крамяных. Не паспее маці ў печы выпаліць, а сын ужо дома з грыбамі.\\ Аднойчы прыбег ён на палянку, аж бачыць – адны толькі карэньчыкі валяюцца. Толік здзівіўся: «Хто ж гэта раней за мяне прыходзіў?» І падумаў, што, мабыць, малыя дзеці. Бо школьнікі не стануць вырываць корань з зямлёю, каб не пашкодзіць грыбніцу.\\ Праз два дні Толік зноў прыбег на знаёмую палянку. Грыбоў яшчэ ніхто не чапаў. І хлопчык пачаў збіраць іх у кошык.\\ Але вось нешта зашастала ў арэхавым кусце. Толік сцішыўся за тоўстым дрэвам: дай, думае, пагляджу, што за грыбнік ідзе.\\ І раптам высунулася вялізная галава з разгалістымі рагамі.\\ «Ло-ось», – шапнуў хлопчык і сцяўся ўвесь.\\ Звер выйшаў на палянку, сцепануўся, фыркнуў, панюхаў паветра і ўзяўся збіраць грыбы. Вырве тоўстымі губамі з зямлі, адкусіць мяккую шапачку, а корань адкіне.\\ Толік не стаў пужаць лася, хоць і шкада было грыбоў. Такога незвычайнага грыбніка хлопчык бачыў упершыню. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/еўдакія-лось/жыццёвы-і-творчы-шлях-еўдакіі-лось]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-зайчык-выхваляйчык]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-казка-пра-ласку]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-уцякач]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-маці]]