~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Наш мосцік &keywords = мосцік, дзіма, хлопчык, інструментам, адказваю, скрыню &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Наш мосцік" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Наш мосцік ====== У нашай вёсцы, адразу за дамамі праз рачулку перакінуты драўляны мосцік. I мы, і жыхары з процілеглага берага ўвесь час карыстаемся ім. З цягам часу некаторыя дошкі ў мастку падгнілі і праваліліся. Удзень па ім можна яшчэ прайсці так-сяк, а ўвечары і ўначы – небяспечна.\\ Я ўзяў аполкі , скрыню з інструментам, падышоў да мосціка і стаў забіваць дзіры. Неўзабаве каля мяне спыніўся хлопчык год васьмі і спытаў:\\ – Што вы робіце?\\ – Мосцік рамантую, – адказваю.\\ – А навошта?\\ – Як гэта навошта? Вось будзе ісці старэнькі дзядуля або слабая бабуля – і пакалечыцца тут. Хіба ж гэта добра?\\ – Вой! – захваляваўся хлопчык. – Дык па ім жа і мае мама з татам ходзяць.\\ – Тым болей, а ты пытаеш – навошта.\\ Тут хлопчык ахвотна пачаў дапамагаць мне. Аполак трымае, калі я пілую. Малаток ці цвік падасць. I справа ў нас пайшла весялей.\\ – Як жа цябе зваць, памочнік? – пытаюся.\\ – Дзіма.\\ – Ну вось, Дзіма, адрамантуем з табой мосцік, можа, хтосьці і падзякуе нам за гэта.\\ Калі заладзілі апошнюю дзіру, хлопчык сказаў:\\ – Давайце цяпер гэты мосцік будзем называць нашым.\\ – Што ж, няхай будзе нашым, – спадабалася мне прапанова.\\ Скончыўшы справу, я ўзяў скрыню з інструментам і накіраваўся дадому. А Дзіма пайшоў далей сваёй дарогай.\\ Сустрэліся мы з маім памочнікам толькі восенню. Хлопчык падказаў:\\ – Зноў наш мосцік трэба рамантаваць.\\ – Трэба, Дзіма, – адказваю. – Але вось бяда: апошнім часам у мяне так пагоршыўся зрок, што я не бачу добра цвіка, каб забіць яго ў дошку.\\ – Дык я адзін зраблю, – запэўніў Дзіма.\\ I зрабіў. Ён шчыльна залажыў дзіру круглымі паленцамі і прымацаваў іх цвікамі да лаг-бярвенняў. Зноў мосцік стаў прыгожым і бяспечным.\\ – Малайчына! – пахваліў я хлопчыка. – Ты адрамантаваў мосцік адзін, без мяне. I цяпер называй яго сваім.\\ – Не, – запярэчыў Дзіма, – няхай будзе па-ранейшаму нашым.\\ – Ну што ж, нашым дык нашым, – пагадзіўся я. – Галоўнае, добрая справа зроблена. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]