~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Лесавічок &keywords = васілёк, абед, бацьку, курапатак, кармушкі, грэчку, падышлі, буданчыка, снег &abstract = Апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Лесавічок" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Лесавічок ====== Палявалі мы ў гэты дзень на багатых дзічынай Валожынскіх перавалах. Заблудзіўшы ў лесе, я не менш быў рады сустрэчы з чалавекам, чым Рабінзон Круза на пустэльным востраве.\\ І вось такая сустрэча адбылася. З-за павароту лясной дарогі выкаціўся насустрач мне гадоў дзевяці хлапчук. Ён быў у чорных валёнках і насунутай на вочы вушанцы. Усім сваім выглядам ён нагадваў таёжнага мужычка-лесавічка.\\ – Як мне адгэтуль, хлопчык, у Зялёнае Вяззе трапіць? – пытаю я.\\ – Пойдзем, пакажу, – упэўнена, як бывалы чалавек, адказаў ён.\\ Па дарозе я даведаўся, што Васілёк – так звалі майго новага знаёмага – сын лесніка, які жыве недалёка адгэтуль.\\ – Напэўна, абед бацьку ў лес нясеш? – пацікавіўся я, заўважыўшы ў руцэ хлопчыка маленькую кужэльную торбачку.\\ – Не, – адказаў ён. – Абед, але не бацьку.\\ – А каму ж?\\ – Курапаткам.\\ – А ці многа курапатак да тваёй кармушкі прылятае? – пытаюся ў хлапчука.\\ – Штук пятнаццаць.\\ – І што ж ты ім даеш?\\ – Усё тое, што і курам. Але асабліва яны грэчку любяць.\\ – Грэчку, кажаш?\\ – Нарасхват дзяўбуць!\\ За размовай мы не заўважылі, як падышлі да маленькага ляснога яра.\\ – Вось бачыце, колькі іх сабралася там, – паказаў Васілёк рукой наперад.\\ На схіле яра я ўбачыў з дзясятак натапыраных шэрых курапатак. Калі мы падышлі бліжэй, птушкі ўзняліся і паляцелі ўздоўж яра.\\ – Гэта яны вас спалохаліся, – растлумачыў Васілёк.\\ У яры, пад кустамі алешніку, я заўважыў некалькі маленькіх буданчыкаў.\\ – Гэта такія кармушкі? – здзівіўся я. – А хіба не ўсё роўна: у такую кармушку сыпаць ці проста на снег?\\ – Вядома, не. Корм снегам не так замятае.\\ Мне нічога не заставалася, як згадзіцца. Адышоўшы з паўсотні крокаў, я азірнуўся. Маленькі лесавічок сыпаў у адзін з буданчыкаў прынесены птушкам корм. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]]