~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Каму холадна, каму душна &keywords = дзед, міша, дзядуля, паветера &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Каму холадна, каму душна" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Каму холадна, каму душна ====== Дзед Яўсей паснедаў, абуў абшытыя кажушынай валёнкі, апрануўся і пачаў шукаць сякеру.\\ – Ты куды, дзядуля, пойдзеш?\\ – На азярко. Прасяку некалькі палонак, каб лягчэй дыхалася рыбе. Каму холадна, каму душна. Цяжка ёй цяпер пад лёдам, можа задыхнуцца без паветра. Не будзе куды нам з табою ўлетку хадзіць з вудамі.\\ – Вазьмі мяне, – папрасіў Міша.\\ – Ну што ж, калі не лянуешся, збірайся, – згадзіўся дзед.\\ Міша таксама цёпла апрануўся, і яны пайшлі за вёску, дзе было азярко. Здалёк блішчаў лёд, на дрэвах, на кустах іскрынкамі мігацеў пушысты іней.\\ Дзед распрануўся, папляваў на далоні і ўзяўся за працу.\\ «Х-хы, х-хы, х-хы!» – моцна выдыхае дзед. Белая пара клубком валіць з рота, а ён усё сячэ ды сячэ крохкі лёд.\\ Лёд тоўсты, да вады далёка. Але вось паказалася цёмная плямка. Дзед секануў яшчэ, і з-пад лёду фантанчыкам ударыла вада. Дзед ачысціў палонку ад лёду, і з вады вытыркнуліся маленькія галоўкі.\\ – Дзядуля, глянь, колькі рыбак! – крыкнуў Міша.\\ – Пачулі, адкуль паветра пайшло. Дыхайце, дыхайце, – радуецца дзед Яўсей.\\ Міша прайшоў па лёдзе далей і пазнаў тое месца, дзе яны ўлетку лавілі рыбу. Ён крыкнуў:\\ – Дзядуля, ідзі тут прасячы палонку. Няхай і нашы рыбкі дыхаюць свежым паветрам.\\ – Прасячом і тут, і там, і там, – сказаў дзед.\\ – Я хачу сам памагчы нашым рыбкам, дай мне, дзядуля, сякеру, – папрасіў Міша.\\ – Цяжкая яна для цябе. Але на, паспрабуй. Міша папляваў на рукі, як дзядуля, надзеў рукавічкі, і хутка пачуліся ўдары вострай сякеры па звонкім лёдзе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>жыццё-ў-вадаёме]] * [[ibdc.ped>стронга]] * [[творы/віталь-вольскі/віталь-вольскі-як-зімуюць-рыбы]] * [[ibdc.ped>незвычайная-рыба]] * [[ibdc.ped>важкі-промысел]]