~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Дзічка &keywords = дзічка &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Дзічка" &iftrue = True ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Дзічка ====== \\ Паказаў мне яе вясковы пастух. Знаходзілася дрэўца непадалёк ад вёскі ў непралазным драбналессі. Колькі разоў я ў ім быў, а вось жа не трапіла на вочы.\\ Яблыкі на дзічцы былі буйныя і чырвоныя-чырвоныя. Вісяць на галінках бы тыя ёлачныя шары.\\ Усю восень я наведваў дзічку. Прыйду, пасяджу на мяккім сіўцы пад дрэўцам і пайду.\\ Часам я тут заставаў стракатую сойку, траскатуху-сароку, дзятла. А аднойчы нават і вожыка сустрэў. Па якой ён тут справе быў, невядома.\\ Прыйшоў я пад дзічку і зімою. Як і ўсе дрэўцы навакол, яна стаяла голая, глыбока патанаючы ў пульхным снезе. Толькі – вось дзіва! – слядоў пад яблынькай было значна болей, чым пад якім іншым дрэвам.\\ Значыць, я быў не адзін. Месячнай ноччу адведаць дзічку на палянку прыбягалі зайцы-белякі, нечага тапталіся панурыя дзікі, скакалі рыжыя вавёркі.\\ А рагач-лось дык нават ніжнюю галінку адшчыкнуў, каб пераканацца, што дрэўца не замерзла, жывое.\\ А гэта азначае, што наступным летам яно зноў парадуе ўсё лясное насельніцтва сваімі чырвонымі яблыкамі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-дзічка]]