~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Вясна ідзе &keywords = вясна, ляціць, снегу, высокія, ідзе &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Вясна ідзе" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Вясна ідзе ====== Уздоўж сцежкі, што вядзе ў школу, дзівоснымі фігурамі ўзвышаюцца высокія гурбы снегу.\\ У белых футрах бязладна тоўпяцца кусты кучаравага алешніку. Нібы на свята, у лёгкае адзенне прыбраліся стройныя бярозкі, маладыя рабінкі, каржакаватыя дубкі. А высокія панурыя елкі апрануліся ў цёплыя халаты, ды так і стаяць сабе, бавячы час. Ад дрэў і кустоў на белым іскрыстым снезе ляжаць доўгія цені. Ух як холадна! Бр-р-р...\\ Глядзіш на ўсё гэта, і здаецца, быццам зіме яшчэ канца-краю не відаць.\\ Але вось раптам у агародчыку заспявала сініца. Ды так звонка, заўзята! Нібы сярэбраны званочак зазвінеў. Міжволі спынішся і з хваляваннем слухаеш гэтую вясёлую жыццярадасную песеньку. А жаўтагрудая спявачка не заўважае ні гурбаў снегу, ні белага ўбрання на дрэвах, ні моцнага марозу. Ляціць і ляціць ва ўсе бакі заўзятая песенька-заклік.\\ Неўзабаве яе падхопліваюць іншыя птушкі. Песня шырыцца, расце.\\ Выйшаў з цёплай хаты на двор сівы дзядок з кіем у руцэ. Дыхнуў свежым марозным паветрам, уважліва агледзеў блакітнае неба і раптам загадаў дзецям: – Ану, хуценька кідайце свае зімовыя забавы ды вясну сустракайце!\\ – А дзе яна, дзядуля, вясна? Дзе?..\\ – А сініцы вось з вераб’ямі, хіба не чуеце, як спяваюць?\\ – Чуем, – хорам адказалі малыя.\\ – Гэта і ёсць вясна.\\ – Ура-а-а!..– закрычалі дзеці, падкідваючы высока ўгору свае лапавухія шапкі-вушанкі. – Вясна Ідзе! Вясна ідзе! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-патрэбная-справа]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]]