~~META: title = Рыгор Ігнаценка — Вартавы цішыні &keywords = дзяцел, стук, мерны, лесе, палянцы, звяры, лось, зімовы, цішыні, заяц, шышку, снезе, музыка &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Вартавы цішыні" &iftrue = nan ~~ ====== Рыгор Ігнаценка — Вартавы цішыні ====== Вельмі рана прачнуўся дзяцел у дупле старой асіны, дзе ён правёў доўгую халодную ноч. У зімовым лесе было яшчэ змрочна і маўкліва, але неба на ўсходзе ўжо загарэлася чырванню.\\ Дзяцел вышмыгнуў з дупла на ствол, паправіў дзюбкай пёркі, паскроб лапкай ля галавы і падаўся да хвоі за палянкай. Неўзабаве ён адшукаў на дрэве патрэбную шышку, адарваў і з ёю паляцеў да «кузні» сухога яловага пня на палянцы.\\ «Тук, тук, тук», – пачуўся мерны стук у ранішнім лесе.\\ Чыё, скажыце, сэрца не кранала гэтая ціхая музыка? Ды і што гэта за зімовы лес без стуку дзятла? Але музыка гэта кранае толькі чалавека, а звяры і птушкі яе зусім інакш разумеюць.\\ Вось каля палянкі лось стаіць. Вялізны, мажны. Ён асцярожна абшморгвае з кустоў тонкія заінелыя галінкі. Як толькі рагач пачуў мерны стук дзятла, дык адразу перастаў жаваць. Пастаяў з хвіліну нерухома, потым паволі адышоўся да маладога хвойнічку і там лёг. Раз дзяцел запрацаваў – ноч скончылася, час і адпачыць. Ляжыць лось паміж хвоек на мяккім снезе і лясную цішыню слухае, чуйна вушамі-лакатармі стрыжэ.\\ А непадалёку, у нізінцы, зарослай маліннікам, дзікі адпачываюць. Ляжаць звяры ў снезе ў розныя бакі галовамі і прыслухоўваюцца. Ці не трэсне дзе сухая галінка, ці не зарыпіць пад асцярожнаю нагою снег, ці не падасць трывожны сігнал якая птушка?\\ Раптам на палянку заяц выскачыў. Беленькі ўвесь, пушысты. Пачуў ён стук дзятла і заслухаўся. Калі дзяцел засяроджана над хваёвымі шышкамі працуе, значыць, на палянцы няма ніякай небяспекі, ціха і спакойна. Белячок тут жа на палянцы зрабіў некалькі хітрых петляў-скідак і таксама стаіўся пад густой елачкай на адпачынак.\\ Нечакана дзяцел змоўк. І дзікі, і лось, і заяц насцярожыліся. Ці не ідзе часам воўк альбо паляўнічы са стрэльбай?\\ Хвіліна цішыні. І вось зноў па лесе паплыў мерны стук вартавога цішыні: тук-тук-тук... Аказваецца, гэта дзяцел па новую шышку на хвойку лятаў. Звяры супакоіліся.\\ Увесь зімовы дзень дзяцел шышкі лушчыць, а ўсе жывёлы паблізу адпачываюць пад яго мерны стук, сіл пасля турботнай ночы набіраюцца, кароткія дзённыя сны глядзяць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-лесе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-сон-у-лесе]] * [[ibdc.ped>восеньскі-лес]] * [[творы/максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-у-панскім-лесе]] * [[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-стары-лес]]