~~META: title = Цырк на балоце &keywords = адзін, звяркі, звяркоў, сава, чарзе, уніз-угору, другога, пачалі, высока, даганяў, другі, начныя &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Цырк на балоце" &iftrue = nan ~~ ====== Цырк на балоце ====== Гэта быў апошні дзень жніўня. Чырвонае летняе сонца паволі скатвалася да гарызонту, быццам ведаючы, што заўтра яно ўжо будзе асеннім.\\ I вось, калі яно нарэшце схавалася за далёкімі дрэвамі, пафарбаваўшы ў малінавы колер амаль палову неба, я заўважыў нейкіх двух звяркоў. З’явіліся яны аднекуль з прыбярэжнай асакі.\\ Памерам звяркі былі невялічкія, не болей пацука. На кароткіх ножках, вельмі рухавыя.\\ Вось яны шпарка пачалі ганяцца адзін за адным уздоўж берага. Звяркі разбягаліся ў розныя бакі і зноў збягаліся, высока падскоквалі ўгору. Калі ж адзін з іх даганяў другога, то нібыта аддаваў яму «квача» і імчаўся ў процілеглы бок. Тады яго даганяў другі.\\ Я паглядзеў у бінокль. Гэта былі ласкі.\\ За ласкамі мне яшчэ не даводзілася так блізка назіраць у натуральных умовах жыцця. Гэта вельмі асцярожныя і скрытныя начныя звяркі. Я пільна сачыў за ўсім, што адбывалася на балотцы.\\ Вось звяркі апынуліся ў круглым закутку, дзе асака падковай абступала чорнае дно азярца. Памітусіліся туды-сюды, борздзенька ўзняліся слупкамі адзін насупраць другога. Пастаялі так нейкі час нерухома, а потым давай па чарзе то апускацца, то ўзнімацца: уніз-угору, уніз-угору. Вось адзін са звяркоў высока падскочыў, перакуліўся і зноў слупком стаў. Гэта ж самае паўтарыў другі. Потым некалькі разоў адзін цераз аднаго па чарзе пераскочылі. Вясёлыя акрабаты пачалі такое вырабляць, што нават цяжка было ўсачыць за іх рухамі.\\ Невядома, колькі б яшчэ часу працягваўся гэты цырк, каб не сава. Яна нечакана вылецела аднекуль з-за майго будана і кінулася да закутка. Звяркоў быццам ветрам здзьмула. Нібыта іх і не было тут зусім.\\ Шкада было, што сава перашкодзіла мне даглядзець гэтае цікавае відовішча. Настаў ужо яе час весяліцца, свае начныя гульні над балотцам ладзіць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]]