~~META: title = Цудадзейнае дрэва &keywords = сокам, голас, шукаюць, дзятлам, вясною, вясновым, дзірачку, дзятлы, дрэва, птушкі &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Цудадзейнае дрэва" &iftrue = nan ~~ ====== Цудадзейнае дрэва ====== У вясновым лесе прыемна пахне свежай хвояй і першымі краскамі.\\ Я прыхіліўся спіною да маладой асінкі і назіраю за дзятлам, які ласуецца на бярозцы салодкім сокам.\\ Птах прадзёўбвае ў белай кары дзірачку, і калі адтуль пачынаюць бегчы буйныя слязінкі бярозавіку, бярэ адну з іх у дзюбку, цікаўна схіляе набок галоўку ў малінавай цюбецейцы і смакуе – салодкі ці не? Праглыне кроплю-другую, пасоўваецца ўбок і пачынае новую дзірачку рабіць, быццам спадзеючыся, што тут сок можа быць іншага гатунку.\\ Вясною дзятлы часта ласуюцца бярозавым сокам, і не на адным дрэве, а на розных. Гэта свавольства птушак натуралісты называюць вясновым кальцаваннем бяроз, прыпісваючы дзятлам шкоду. Што ж да лірыкаў, то яны зусім інакш гэта тлумачаць.\\ Амаль усе птушкі маюць свой голас, і вясною хто як можа спявае, вясну-прыгажуню славіць. I хоць дзятлы сваім барабанным пошчакам, як вядома, не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым веснавым канцэрце, але усё ж не тое, што дразды ці заранкі, тым болей салаўі. Вось быццам бы яны кожную вясну і шукаюць тое адзінае дрэва, сокам якога б можна было адрадзіць свой уласны голас.\\ Вось і на гэты раз бярозка, на жаль, аказалася не той. Дзяцел незадаволена цыкнуў і таропка пераляцеў на суседнюю.\\ А можа, гэта, нарэшце, і ёсць тое цудадзейиае дрэва, якое птушкі доўгі час шукаюць, ды ніяк знайсці не могуць? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]]