~~META: title = Страшныя венікі &keywords = бузіны, венікі, крупы, мышам, мука, дзядуля, стары, багуну, мышэй, галінак &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Страшныя венікі" &iftrue = nan ~~ ====== Страшныя венікі ====== У старога чалавека, які пражыў доўгае жыццё, заўсёды ёсць чаму павучыцца. Таму я ніколі не прапускаю выпадку, каб пагутарыць з сівым дзядком альбо са старой бабулькай.\\ У гэты раз я шукаў багатыя чарніцамі месцы. Нагледзеўшы адну некранутую балацінку, вяртаўся дамоў лясной дарогай.\\ На светлай пасецы, парослай ружовымі кветкамі скрыпеню, заўважыў дзядка. Стары стаяў каля зялёнага куста бузіны і сцізорыкам зрэзваў галінкі.\\ – Ці не венікаў, дзядуля, з бузіны вырашылі навязаць? – пацікавіўся я, ведаючы, што старыя людзі хваробу выганяюць рознымі венікамі, часам нават звязанымі з крапівы-пякучкі.\\ – Венікі, – пацвердзіў ён. – Толькі не для сябе. Надта ж ужо жорсткія. Дый пахнуць кепска. А вось для мышэй яны ў самы раз. Лепшых і прыдумаць нельга.\\ – Гэта навошта ж мышам венікі? – смяюся я. – У лазню ж яны, пэўна, не ходзяць.\\ Дзядуля паклаў у кішэню складанчык і сеў на траву. Побач уладкаваўся і я.\\ – Навошта, пытаешся, мышам венікі? – усміхнуўся ён.\\ Стары памаўчаў з хвіліну, відаць, збіраючыся з думкамі, і растлумачыў:\\ – Справа ў тым, што мышы паху бузіны не паважаюць. Вось я навешаю бузінавых галінак у каморы, ні адна мыш і носа туды не пакажа. Крупы, мука – усё будзе цэлае.\\ – Гэтак яны бузіны баяцца?! – падзівіўся я.\\ – Як бачыш. Няблага да бузіны дабавіць пахучага рамонку альбо багуну. На гэтыя расліны яны таксама коса пазіраюць.\\ I сапраўды: колькі клопату і непрыемнасцей ад мышэй чалавеку. То мяшок з мукою паточаць, адзенне ўшчэнт парэжуць, з’ядуць моркву альбо буракі. У кубел з салам забяруцца.\\ I вось, аказваецца, ёсць просты сродак барацьбы з імі.\\ Я таксама нарэзаў сабе галінак бузіны, багуну наламаў. Прынеслі дзеці ў хату рамонкаў. Усё гэта я павязаў у невялічкія пучкі і развесіў у кладоўцы.\\ Пакуль што спакойна. На паліцах некранутым стаіць тлушч, ляжаць крупы, гарох, мука – усё ў цэласці, непапсаванае. Нават ніводнага сушанага баравічка не пагрызлі. А ўсё дзякуючы сівому дзядку. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]]