Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:снегіры

Гэта старая версія дакумента!


Снегіры

Цяпельца гарыць няярка. Тонкая змейка сіняга дыму высока ўздымаецца ў шэрае асенняе неба. На ўзлессі прыемна папахвае апалым лісцем і бруснічнікам.
Цішыня ў лесе. Здаецца, аглядзі зараз кожнае дрэва, і не знойдзеш ніводнай жывой істоты.
Доўга я моўчкі сяджу каля цяпельца, аддаўшыся вольнай плыні думак. Але вось нечакана за спіной пачулася знаёмае: цюй, цюй, цюй…
Паварочваюся. З голага алешніку выпырхнулі два чырванагрудыя снегіры. Селі прыгажуны на тонкую галінку блізкага куста і пагойдваюцца.
I вось што цікава. Прылятаюць з поўначы ў нашы месцы гэтыя птахі досыць-такі рана – у кастрычніку. Але чамусьці доўгі час яны ўпарта хаваюцца ад чалавечага вока. І толькі збіраючы па балоце журавіны альбо адшукваючы ў хмызняках пералінялых на зіму тлустых шаракоў, нярэдка надараецца ўбачыць невялічкія чародкі прыгожых птушак.
Ці то снегіры, фанабэрачыся сваім стракатым убраннем, пагарджаюць нашым шэрым асеннім пейзажам, ці мо саромеюцца ў такім зграбным выглядзе на людзі паказацца? Як бы там ні было, але з’яўляюцца яны ў вёсках толькі тады, калі выпадзе снег. Убачыш іх ранкам у пабеленым першым сняжком садзе і міжволі залюбуешся.
Да чаго ж вялікая наша краіна! Дзесьці ў адным яе канцы белыя мяцеліцы гуляюць, трашчаць лютыя маразы, а ў нашых беларускіх лясах ляжалымі яблыкамі пахне. I ўжо зусім па-вясноваму снегіры свішчуць.

Падобныя старонкі

  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка
творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/снегіры.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki