~~META: title = Снегіры &keywords = снегіры, цяпельца &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Снегіры" &iftrue = nan ~~ ====== Снегіры ====== Цяпельца гарыць няярка. Тонкая змейка сіняга дыму высока ўздымаецца ў шэрае асенняе неба. На ўзлессі прыемна папахвае апалым лісцем і бруснічнікам.\\ Цішыня ў лесе. Здаецца, аглядзі зараз кожнае дрэва, і не знойдзеш ніводнай жывой істоты.\\ Доўга я моўчкі сяджу каля цяпельца, аддаўшыся вольнай плыні думак. Але вось нечакана за спіной пачулася знаёмае: цюй, цюй, цюй...\\ Паварочваюся. З голага алешніку выпырхнулі два чырванагрудыя снегіры. Селі прыгажуны на тонкую галінку блізкага куста і пагойдваюцца.\\ I вось што цікава. Прылятаюць з поўначы ў нашы месцы гэтыя птахі досыць-такі рана – у кастрычніку. Але чамусьці доўгі час яны ўпарта хаваюцца ад чалавечага вока. І толькі збіраючы па балоце журавіны альбо адшукваючы ў хмызняках пералінялых на зіму тлустых шаракоў, нярэдка надараецца ўбачыць невялічкія чародкі прыгожых птушак.\\ Ці то снегіры, фанабэрачыся сваім стракатым убраннем, пагарджаюць нашым шэрым асеннім пейзажам, ці мо саромеюцца ў такім зграбным выглядзе на людзі паказацца? Як бы там ні было, але з’яўляюцца яны ў вёсках толькі тады, калі выпадзе снег. Убачыш іх ранкам у пабеленым першым сняжком садзе і міжволі залюбуешся.\\ Да чаго ж вялікая наша краіна! Дзесьці ў адным яе канцы белыя мяцеліцы гуляюць, трашчаць лютыя маразы, а ў нашых беларускіх лясах ляжалымі яблыкамі пахне. I ўжо зусім па-вясноваму снегіры свішчуць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]