~~META: title = Рамонкавае поле &keywords = птушкі, журавы, збажына, поле &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Рамонкавае поле" &iftrue = nan ~~ ====== Рамонкавае поле ====== Яшчэ зусім нядаўна тут залатым калоссем шумела высокая збажына. А над ёй, у блакіце высокага неба, нязмоўклымі званочкамі ліліся песні вясёлых жаўрукоў.\\ У канцы лета жыта зжалі. Па ўсім полі ўзняліся залацістыя сцірты духмянай саломы. І амаль на кожнай птушка сядзіць – варона, сарока альбо канюк.\\ І вось у адно вераснёўскае ранне ўвесь іржэўнік раптам застракацеў белым рамонкам.\\ Летам густая збажына ўсё цяпло забірала, не давала кветкам узняць да сонца свае бела-жоўтыя галоўкі. А калі збажыны не стала, рамонкі дыхнулі на поўныя грудзі свежым вераснёўскім паветрам і дружна застракацелі на пачарнелым пад дажджамі ржэўніку.\\ Гэта было вельмі прыгожае відовішча. Усе пералётныя птушкі, якія спяшаліся на поўдзень – берасцянкі, дразды, канаплянкі, – садзіліся адпачываць менавіта на рамонкавае поле. А аднойчы нават журавы прыпыніліся на ім, хоць поле тое блізка знаходзіцца ад вёскі. Вялікія шэрыя птушкі паважна пахаджвалі, задуменна пазіраючы па баках.\\ Здалёк здавалася, быццам не журавы, а жвавая вясковая дзятва рассыпалася па чэрвеньскім лузе, збіраючы духмяныя кветкі. (155 слоў)\\ \\ Паводле Р. Ігнаценкі ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]