~~META: title = Развітальная песня &keywords = птушак, жаваранкаў, дзень, лясных, відаць, дрэва, пазнаў, пайшоў, жаваранкі, лясныя, песні, паветра, галінках &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Развітальная песня" &iftrue = nan ~~ ====== Развітальная песня ====== Чырвоным пажарам рабін гарыць асенні дзень. У лесе няма аніякага ветрыку, а аслаблае лісце зрываецца з дрэў і, павольна кружачыся ў паветры, бясшумна кладзецца долу. З мяккай журбой я любуюся гэтым залатым дажджом восені.\\ Паблізу села на дрэва чародка птушак. Адразу я палічыў іх за драздоў, але калі прыгледзеўся ўважліва, то пазнаў лясных жаваранкаў.\\ Нейкі час птушкі сядзелі нерухома, відаць, адпачывалі. Потым адна з іх схамянулася, узбегла таропка па галінках на самую макаўку чырвонай рабіны, узмахнула крыльцамі і ўзнялася ў паветра. Набіраючы кругамі вышыню, птушка заспявала. Нядоўга прымусілі сябе чакаць і яе сяброўкі. Адны з іх спявалі седзячы на галінках, іншыя ж, відаць, больш заўзятыя, узляцелі.\\ Лясныя жаваранкі – цудоўныя спевакі! Па прыгажосці сваёй песні яны могуць паспрачацца з такімі сусветна прызнанымі салістамі, як шпак, дрозд і нават салавей.\\ Многа разоў мне даводзілася слухаць лясных жаваранкаў, але на гэты раз я чамусьці не пазнаў іх песні. Столькі ў ёй было журбы і смутку. I куды толькі, думалася, падзелася ўласцівая для іх жыцця радаснасць?\\ I ўсё ж гэтая асенняя песня была па-свойму цудоўнай. Яна нібы дапаўняла пануючы ў прыродзе роздум і спакой.\\ Доўга слухаў я птушак. Дамоў пайшоў у радасным настроі – быццам з добрым прыяцелем сустрэўся.\\ На наступны дзень я зноў пайшоў у лес птушак паслухаць. Абышоў увесь гаёк, агледзеў кожнае дрэва, але лясных жаваранкаў так і не пачуў. Прыйшоў я ў лес і на трэці дзень, і на чацвёрты, але ўсё дарэмна, птушак не было. I здагадаўся я, што паляцелі лясныя жаваранкі на поўдзень, што той песняй яны развітваліся з роднымі мясцінамі, дзе нарадзіліся і ўпершыню ў паветра падняліся, дзе адчулі сілу і моц сваіх крылаў.\\ Давялося адкласці сустрэчу да вясны. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]]