~~META: title = Прадбачлівы верабей &keywords = дома, кошык, верабей, дзюбцы, ліпе, наўкол, асенні &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Прадбачлівы верабей" &iftrue = nan ~~ ====== Прадбачлівы верабей ====== Я ладзіў грыбны кош.\\ Асенні дзень стаяў сонечны, цёплы. У блакітным небе ляніва лёталі шпакі. Другія ж паважна сядзелі на тэлевізійнай антэне і ціха спявалі свае невясёлыя асеннія песні. Ім падпявала на ліпе пеначка-ценькаўка. Наогул, гэты крыштальны асенні дзянёк чымсьці сабою нагадваў вясну. I каб не аголеныя кроны яблынь наўкол дома ды не дзічка-груша, плады якой заўсёды вісяць аж да самага снегу, то можна б было падумаць, што гэта і сапраўды вясна.\\ Калі кошык быў амаль гатовы, я заўважыў вераб’я з белым пёркам у дзюбцы. Ён вылецеў аднекуль з-за хлява і сеў на палачку-садок у сінічніку, які вісеў на сцяне дома. Паспрабаваў сунуць пёрка ў ляток, – не атрымоўваецца. Тады ён улез у сінічнік і ўмасціў яго там на патрэбнае месца. Птах весела чырыкнуў і знік за хлевам.\\ Некалькі разоў яшчэ верабей падлятаў да сінічніка, кожны раз прыносячы што-небудзь у дзюбцы.\\ «Што б гэта азначала? – падумалася мне. – Няўжо шэры хітрун вырашыў дзецьмі ў кастрычніку абзаводзіцца?»\\ Я павесіў на цвік над паветкай кошык і пайшоў у дом.\\ А ранкам, калі я прачнуўся і падышоў да акна, міжволі здзівіўся. Агароджы, стрэхі пабудоў былі белымі ад шэрані. Здавалася, зямля прыбралася ў мяккі белы снег.\\ Я выйшаў з дому. Наўкол панавала цішыня. Не відаць учарашніх шпакоў, не чуваць на ліпе песенькі ценькаўкі. Толькі мудры верабей, высунуўшы з уцепленага жытла шэрую галоўку, задаволена сабе напяваў: чыр, чыр, чыр... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]]