Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:песня

Гэта старая версія дакумента!


Песня

Шырокі хвост у цецерука разгорнуты веерам. Надзьмутая птушка паважна топчацца на самай вершаліне саламянай сцірты, няспынна пасылаючы ў асеннюю далячынь сваё нягучнае булькатанне.
Пажаўцелыя бярозкі, што стаяць непадалёк ад сцірты на мяжы, прыкрываюць ніжнюю частку. Таму здалёк здаецца, быццам гэта не сцірта, а вялізная скала ўзвышаецца. А чорная птушка на фоне блакітнага неба таксама ўяўляецца вялізнай, казачнай.
– Бу-бу-бу-бу! – чуецца над пазалочанымі восенню бярэзнікамі, над пазелянелымі ад азіміны палямі, над лугамі і азярцамі.
I гэтае задуменнае балбатанне цецерука паўтарае непаседа-раўчук, што стаіўся пад засенню парадзелага алешніку. На ўзлессі, быццам прыслухоўваючыся, фанабэрыста ўзняў свой чырвоны капялюш прыгажун-мухамор.
Нават маленькі павучок – гэты адважны асенні падарожнік, – які доўгі час з-за дрэннага надвор’я ўсё ніяк не мог выбрацца ў дарогу, і той, пачуўшы гэту задуменную песню цецерука, на нейкі момант, як мне здалося, запаволіў свой палёт на павуціне-парашуце. Спыніўся і, не раздумваючы, апусціўся на асеннюю зямлю…
Куды ад яе, гэтай роднай зямелькі, паляціш?

Падобныя старонкі

  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе
творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/песня.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki