~~META: title = Эцюд Рыгора Ігнаценкі "Песня" &keywords = цецерука, асеннюю, сцірты, птушка &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Песня" &iftrue = nan ~~ ====== Песня ====== Шырокі хвост у цецерука разгорнуты веерам. Надзьмутая птушка паважна топчацца на самай вершаліне саламянай сцірты, няспынна пасылаючы ў асеннюю далячынь сваё нягучнае булькатанне.\\ Пажаўцелыя бярозкі, што стаяць непадалёк ад сцірты на мяжы, прыкрываюць ніжнюю частку. Таму здалёк здаецца, быццам гэта не сцірта, а вялізная скала ўзвышаецца. А чорная птушка на фоне блакітнага неба таксама ўяўляецца вялізнай, казачнай.\\ – Бу-бу-бу-бу! – чуецца над пазалочанымі восенню бярэзнікамі, над пазелянелымі ад азіміны палямі, над лугамі і азярцамі.\\ I гэтае задуменнае балбатанне цецерука паўтарае непаседа-раўчук, што стаіўся пад засенню парадзелага алешніку. На ўзлессі, быццам прыслухоўваючыся, фанабэрыста ўзняў свой чырвоны капялюш прыгажун-мухамор.\\ Нават маленькі павучок – гэты адважны асенні падарожнік, – які доўгі час з-за дрэннага надвор’я ўсё ніяк не мог выбрацца ў дарогу, і той, пачуўшы гэту задуменную песню цецерука, на нейкі момант, як мне здалося, запаволіў свой палёт на павуціне-парашуце. Спыніўся і, не раздумваючы, апусціўся на асеннюю зямлю...\\ Куды ад яе, гэтай роднай зямелькі, паляціш? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]