~~META: title = Начныя грыбы &keywords = грыбоў, змроку, белыя, вядома, шампіньёны, звычайна &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Начныя грыбы" &iftrue = nan ~~ ====== Начныя грыбы ====== Неяк ужо ў звычку ў мяне ўвайшло на зыходзе дня выйсці за вёску і ў адзіноце паблукаць па палявых ды лясных сцежках, падыхаць пасвяжэлым летнім паветрам, акунуцца ў першыя вячэрнія туманы, што паволі ўздымаюцца над балотцамі ды нізінкамі, сабрацца з думкамі.\\ Вось на гэтых сцежках-дарожках я часам і натрапляю на шампіньёны. Шапкі ў гэтых грыбоў зверху белыя. Таму іх і ў змроку вельмі добра відаць не толькі ў траве, але і ў іржышчы альбо з краю збажыны, дзе яны звычайна любяць расці.\\ Дык вось, збіраю гэта я раз на аўсянішчы шампіньёны. Рэжу сабе, не спяшаючыся, грыбок за грыбком ды дыхаю палявой свежасцю, цешуся той вячэрняй цішынёю, якая звычайна бывае ў канцы жніўня, калі жніво толькі скончылася, а сяўба азімых яшчэ не распачалася.\\ А грыбоў – хоць касу закладвай. Здавалася, быццам нехта па-заліхвацку пранёсся на павозцы па ўбраным полі і рассыпаў тут сотні белых сподачкаў. Куды ні кінеш позірк – там і сям у змроку па ржэўніку белыя шапкі грыбоў блішчаць.\\ Цэлафанавы мяшэчак, які заўсёды ў мяне на ўсялякі выпадак у кішэні, я набраў за некалькі хвілін. Выпростваюся, каб абдумаць, што ж далей рабіць, у што грыбы збіраць, і раптам заўважаю на пагорку яшчэ грыбніка. Сагнуўся ён у тры пагібелі і ціха сабе ў іржэўніку поркаецца.\\ «Хто ж гэта, цікава, такі? Здаецца ж, апрача мяне, ніхто болей у вёсцы не бярэ гэтых грыбоў. А-а, – нарэшце здагадваюся, – ды гэта ніякі не грыбнік, а мой сусед. Сёння ён якраз збіраўся для подсцілу парсюку дзе якую ахапку саломы сабраць. Вось і ўвіхаецца».\\ – Дзядзька Піліп, – асцярожна, каб часам знянацку не спалохаць чалавека, паклікаў я.\\ Сусед нешта невыразнае буркнуў у адказ, але не выпростваецца, працягвае поркацца.\\ – Што ж так спазніўся? – падыходзячы бліжэй, пытаюся я. – Мо дапамагчы, га?\\ Раптам мой «Піліп» стаіўся, пасоп, пасоп сабе пад нос, потым спуджана рохнуў і з усіх ног памчаў па полі да хмызняку, што чарнеў у нізінцы.\\ – Ах, каб на цябе ліха, – сумеўся я. – Ды гэта ж ніякі не Піліп, а дзік! Самы звычайны лясны вяпрук.\\ I трэба такому здарыцца. Не хапала яшчэ падысці да яго ды па-суседску па плячы паляпаць.\\ На месцы, дзе дзік поркаўся, ні грыбоў, ні саломы, вядома, не было. Затое ржэўнік наўкола ўзараны як мае быць.\\ Сякач у змроку тут на мышэй паляваў, да якіх ён, як вядома, вялікі ахвотнік. I так, бадзяга, сваёй справай захапіўся, што нават мяне не заўважыў.\\ Дамоў я вяртаўся, ціха ўсміхаючыся сам сабе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]]