~~META: title = Нахлебніца &keywords = дзяцел, вавёрка, шышку, лапка, падаўся, ціха, пакрычыць, крычаў, шышак, дрэвах &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Нахлебніца" &iftrue = nan ~~ ====== Нахлебніца ====== Я сядзеў на мяккай купіне і палуднаваў.\\ Пасля доўгага блукання па асеннім лесе елася на свежым паветры вельмі апетытна.\\ Непадалёк ад мяне ўвесь гэты час нешта непакоіўся дзяцел. Пакрычыць птах, пакрычыць і супакоіцца. Хвіліну-другую ціха, потым зноў за сваё.\\ Я даеў яблык і асцярожна падаўся на гукі.\\ Уперадзе адкрылася прасторная высечка. Дзяцел крычаў дзесьці на дрэве. Але дзе, не было бачна.\\ А вось і ён. З самай вершаліны высокай блакітнай елкі дзяцел спускаўся ўніз, трымаючы ў дзюбе вялікую яловую шышку.\\ Калі дзяцел сеў на пень-абломыш, з-за елачкі да яго кінулася вавёрка. Птушка кінула шышку і з крыкам падалася назад на елку. Вавёрка схапіла шышку, ускочыла на шырокі пень побач, села слупком і таропка пачала яе вылузваць.\\ Пакуль вавёрка з шышкай распраўлялася, дзяцел узрушана крычаў на дрэве.\\ Але вось яна саскочыла з пня і знікла ў траве. Дзяцел зараз жа супакоіўся, адарваў новую шышку і накіраваўся з ёю да сваёй «кузні». Варта яму было толькі апусціцца на пень, як зноў з’явілася вавёрка. I ўсё паўтарылася нанава.\\ «Чаму ж гэты хітры звярок так недалікатна карыстаецца паслугамі птушкі? – падумаў я. – Шышак жа на дрэвах шмат мелася. Хіба ж ёй, такой спрытнай, самой цяжка ўскочыць на хвою?»\\ Я стаў у бінокль уважліва назіраць за вавёркай і ў хуткім часе ўсё зразумеў. У звярка была паранена пярэдняя лапка. Магчыма, ястраб накінуўся ці куніца ноччу заспела ў гняздзе, ды толькі вавёрцы пашчасціла вырвацца ад драпежнікаў.\\ Ціха, каб не патурбаваць лясных жыхароў, я падаўся з высечкі. Шышак шмат на дрэвах, усім хопіць. А тое, што вавёрка часова дзятла крыўдзіць, не бяда. Трэба ж і ёй неяк карміцца, пакуль лапка зажыве. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]]