~~META: title = Маўклівая зязюля &keywords = птушка, села, зязюля, відаць, галінку, гаёк, белых, ствалоў, зязюлі &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Маўклівая зязюля" &iftrue = nan ~~ ====== Маўклівая зязюля ====== Не доўга спяваюць зязюлі. У канцы красавіка абрадуюць чалавека сваім першым «ку-ку», праспяваюць май ды чэрвень і змоўкнуць аж да наступнай вясны.\\ Па-рознаму людзі тлумачаць гэту з’яву. Адны кажуць, што птушка каласком падавілася, другія – у ястраба ператварылася, і таму, маўляў, голас згубіла, трэція – пакінула лес.\\ У ліпені, калі здараюцца ціхія надвячоркі, іншы раз берасцянка не ўтрымаецца і рассыпле дзе-небудзь у зялёным бары сваё звонкае срэбра, шэры дрозд заспявае. А часам нават дзе-небудзь у лазовым кусце і салавей цёхкне раз-другі. Абзавецца і, нібы спалохаўшыся свайго ўласнага голасу, зараз жа змоўкне.\\ А вось спеву зязюлі, хоць дзень і ноч не вылазьце з лесу, не ў свой час не пачуеце. Вельмі строгая пяюха.\\ Зачараваў мяне бярозавы гаёк. Не тое каб я ўпершыню ўбачыў яго, не. Вось ужо гадоў дзесяць я ў ім грыбы збіраю, і ўсялякі раз ён мяне чамусьці хвалюе. Чысценькі такі, светлы.\\ Сяджу гэта я на купіне і гаем любуюся.\\ Раптам паміж белых ствалоў прамільгнула нейкая буйная птушка і села на галінку. Шэрая ўся, хвост даўгаваты. Што ж гэта за птушка?\\ Пасядзела нейкі час моўчкі і зноў паляцела. Да таго ж неяк ціха, нясмела. Праляцела яна некалькі метраў і зноў на галінку села. У мой бок запытальна пазірае. Чымсьці, відаць, я зацікавіў яе.\\ – Дык гэта ж зязюля! – нарэшце пазнаў я.\\ Птушка яшчэ некалькі разоў пераляцела з адной бярозкі на другую, увесь час пазіраючы ў мой бок. Нарэшце яна села на сухі сучок блізка да ствала і сцішылася.\\ А што, калі кукукнуць, нагадаць птушцы аб нядаўнім вясёлым часе?\\ Я склаў далоні і на ўвесь белы гаёк: ку-ку!\\ Пачула яна і неяк спалохана скаланулася.\\ Для яе гэта маё «ку-ку» было, відаць, недарэчным і нязвыклым. Не той час, значыць.\\ Памарудзіла зязюля з хвіліну, потым сарвалася з месца, мільганула паміж белых ствалоў і знікла з вачэй. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]