~~META: title = Маладая зіма &keywords = дрэвамі, лесе, убачыў &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Маладая зіма" &iftrue = nan ~~ ====== Маладая зіма ====== Яшчэ ўчора лес быў чорны, непрывабны. А вось выпаў ноччу мяккі сняжок, і ўсё ў ім змянілася да непазнавальнасці. Стаіць ён цяпер у сваім дарагім кафтане ды хітра ў кашлатую бараду ўсміхаецца.\\ Першая зімовая раніца.\\ Месцамі паміж дрэвамі яшчэ начныя прыцемкі трымаюцца, а чырвонагаловы дзяцел – лясны доктар – ужо за працай. Сядзіць птах, упершыся хвастом у шурпаты ствол адзінокай асінкі ды дзелавіта сухую верхавіну дзяўбе.\\ – Тук-тук-тук, – чуецца яго мерны стук у прыціхлым лесе.\\ Нізка над дрэвамі імкліва праляцела чародка стракатых амялушак. Паселі на запалены чырвонымі гронкамі ягад куст каліны і таропка сталі падмарожанымі ягадамі ласавацца, ціха перасвістваючыся паміж сабою.\\ А гэта што за калабок па мяккай сцежцы коціцца?\\ – Эге, ды гэта ж малады заяц-белячок! Ён упершыню сёння белы свет убачыў. Убачыў – і спалохаўся. Вось касавокі і ўцякае. Мітусіцца, выбіўшыся з сіл, па белым лесе, а ўцячы ад снегу ніяк яму не ўдаецца.\\ Яшчэ сюрпрыз. Пад дрэвамі – сляды невядомага і нейкія рызманы яго.\\ Вось яно што! Ды гэта ласіны рог. Цяжкі такі, галінасты.\\ Пакарыла маладая зіма ляснога волата. Паслухмяна зняў ён перад беласнежнай прыгажуняй сваю дарагую карону. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]]