~~META: title = Лясныя дамочкі &keywords = спяць, сном, зайцы, начуюць, ноччу, знаходзяцца, цёпла, дрэў, птушкі, снег &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Лясныя дамочкі" &iftrue = nan ~~ ====== Лясныя дамочкі ====== Марозная поўнач. Стаіць зачараваны сцюжай зімовы лес, ніводнай галінкай не варухне. Мірным сном спяць стомленыя дзённымі клопатамі птушкі і звяркі.\\ I дзе толькі няма дамкоў у лясных жыхароў.\\ Вось на густой елцы чарнее нейкі шар. А над ім, у прасвеце хвоі, яркая зорка трымціць. Цёмны шар – жытло вавёркі. Звярок любіць цяпло. Каб нам удалося апусціць туды тэрмометр, ён бы паказаў 18-20 градусаў вышэй нуля.\\ На суседнім дрэве гняздо каралькоў. Калі вавёрка вялікая пястуха, то малечы каралькі, наадварот, птушкі загартаваныя, вынослівыя. Нават у самыя траскучыя студзеньскія маразы яны начуюць на адкрытым паветры.\\ У дуплах і шчылінах дрэў спяць дзятлы, попаўзні, сініцы.\\ У цёплых гнёздах, засланых мяккім пухам, начуюць чорныя крумкачы. Гнёзды гэтых асцярожных і разумных птушак знаходзяцца ў глухіх маладаступных кутках лесу, на вершалінах высокіх гладкастволых дрэў. Засыпае снег чорнае пер’е птушак. Але крумкачам у гняздзе цёпла і ўтульна.\\ Пад пышнай елачкай альбо ў размаляваным шэранем кустоў вярбы знаходзяцца дамочкі зайцоў – беляка і шарака. Зайцы спяць днём. А ноччу ў іх клопатаў па самыя вушы. Носяцца касавокія ўсю ноч па палях і лясах, адшукваючы сабе такую-сякую ежу.\\ Як і зайцы, не спяць ноччу ваўкі, ласі, казулі, дзікі.\\ Але зручней за ўсіх на ноч уладкаваліся цецерукі з курапаткамі. Яшчэ вечарам яны закапаліся ў пульхны снег, вытапталі там пячуркі і спакойна спяць, быццам у мяккіх пярынах. Цёпла і бяспечна птушкам у снезе. Ні драпежная сава, ні злосная куніца не схопіць – цішыня і раскоша.\\ Спяць спакойным сном лясныя насельнікі. Але спяць чуйна. Варта толькі дзе трэснуць ад моцнага марозу дрэву, зарыпець пад асцярожнай нагой снегу альбо зашоргаць па кары чыімсьці кіпцюрам, як усе адразу ж насцярожацца, гатовыя ў любую хвіліну пакінуць свой наседжаны дамок.\\ Але ў зімовым лесе ціха і маўкліва. Пажадаем жа лясным жыхарам добрай ночы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]]