~~META: title = Лежневы фіялкі &keywords = стары, днём, краскі, кветкі, дыхае, дзед, кветак, змроку, дарогі, белыя &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Лежневы фіялкі" &iftrue = nan ~~ ====== Лежневы фіялкі ====== На досвітку я ішоў на рыбалку. Абапал дарогі ў змроку блішчалі нейкія буйныя белыя кветкі. Я спяшаўся, таму мне не было часу разгледзець, што гэта былі за кветкі такія.\\ Вяртаючыся апоўдні дамоў, я ўспомніў пра іх. Але як ні ўглядаўся ў запылены быльнёг ля дарогі, знаёмых кветак не было відаць. Мяне зацікавіла гэта акалічнасць. Я дачакаўся вечара і выйшаў за вёску. Гляджу, зноў абапал дарогі белыя зорачкі ў змроку гараць. Я нарваў букецік. Дома наліў у вазачку вады і апусціў у яе загадкавыя кветкі.\\ Ранкам мяне наведаў дзед Зміцер. Стары ляснік часта заходзіць пагаманіць аб тым, аб сім. Чалавек ён гаваркі, усяму любіць сваё тлумачэнне даваць. Да таго ж вобразна і маляўніча.\\ – Ты, як я бачу, па начах не спіш, – кажа стары.\\ – Адкуль вы ведаеце?\\ – Пажывеш з маё, будзеш і ты шмат чаго ведаць, – смяецца ён. – А падказалі мне аб гэтым твае краскі ў вазачцы. Чалавеку, які з цемраю запіраецца ў чатырох сценках дома, – тлумачыць стары, – не суджана іх бачыць. Во гэта начныя краскі. Днём яны спяць, а як сцямнее – блішчаць усю ноч на радасць начным жыхарам.\\ Дзед памаўчаў з хвіліну і пытае:\\ – Лежня ведаеш?\\ Гэта ён так леляка заве. I трэба сказаць, што назва лесніком дадзена трапна. Ляляк – птушка начная. Ноччу яна лётае, а ўвесь дзень нерухома ляжыць дзе-небудзь ва ўтульным месцейку на зямлі, адпачывае.\\ – Дык вось, – працягвае стары, – начны птах надта паважае гэтыя краскі. Палунае, палунае ў паветры і хуценька ўніз да фіялак. Так птушка ўсю летнюю ноч розных там мошак-казюлек ловіць ды водарам сваіх любімых красак дыхае.\\ Я ўспомніў, што калі ранкам спяшаўся на раку, то і сапраўды ў цемры ляляк вакол мяне лётаў ды ўсё нешта да зямлі прыпадаў.\\ Калі дзед Зміцер пайшоў, я ўзяў з вазачкі кветку і ўважліва пачаў разглядаць яе. Белыя пялёсткі выглядалі з зялёнага пузатага гарлачыка. Яны былі нейкія паскручваныя, бы павялыя. Таму кветак днём і не відаць сярод быльнягу.\\ I вось што цікава. Зялёны гарлачык быў напоўнены паветрам, ды так шчыльна, што калі пакладзеш яго з кветкай на далонь, а другою ўдарыш на версе, то чуваць нібы стрэл з цацачнага наганчыка. Стары ляснік казаў, што лежнева фіялка вялікая чысцюля. Днём спёка, пыл. Таму яна ноччу прадбачліва назапашвае ў прасторны гарлачык чыстага вільготнага паветра і ўвесь летні дзень потым дыхае ім. Вось якая гэта цікавая кветка.\\ Што ж, калі хто з вас пажадае з лежневымі фіялкамі пазнаёміцца, схадзіце надвячоркам за вёску альбо на ўзлессе. А там, глядзіш, можа пашчасціць вам заадно і леляка пабачыць. Паназіраць, як птах у вячэрнім змроку водарам кветак дыхае. Хіба ж не цікава, скажыце, гэткае ўбачыць? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]]