Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:ластаўкі

Гэта старая версія дакумента!


Ластаўкі

Прылёт ластавак я кожны год для сябе адзначаю. А з’яўляюцца яны заўсёды прыблізна ў адзін і той жа час вясны. Калі ж, нарэшце, настае гэты самы час, то ўжо неяк інстынктыўна, дзе б ты ні быў, чым бы ні займаўся, пачынаеш вачыма і на слых шукаць гэтых вясёлых шчабятушак.
Кожная сустрэча з імі адбываецца па-рознаму. Часам робіш што-небудзь па гаспадарцы на двары. Цёпла, сонечна. Лагоднае веснавое паветра тонка папахвае падсохлай зямлёю і маладой траўкай.
Раптам вуха ўлоўлівае знаёмае шчабятанне. Дзве ластаўкі таропка, адна за адною, ляцяць над чорнымі агародамі. А то выйдзеш ранкам з дому, глядзіш, а яна ўжо сядзіць дзе-небудзь на дроце альбо жэрдцы і распявае.
Гэтая ж вясна была надзвычай кепскай. З пачатку лютага па канец красавіка зямля чарнела без снегу і травы. За ўвесь гэты час не выпала ніводнага дожджыку. Наўкола суш і нейкая няўтульнасць. Дрэвы з хмызнякамі напярэдадні Першага мая стаялі голыя, панурыя. Нават зязюля, што рэдка ў нас бывае, у канцы месяца не падала сваё першае веснавое «ку-ку».
Апошні дзень красавіка быў шэранькі, ціхі. Нібыта збіралася на дождж.
Я выйшаў у лес паблукаць без надзеі ўбачыць штосьці цікавае. Проста хацелася адпачыць, падумаць аб тым, аб сім.
I вось, крочу сваёй любімай сцежкай па драбналессі.
Нечакана ўперадзе заўважаю знаёмы сілуэт. Няўжо ластаўка? Прыглядаюся – яна, родная! Ляціць, касатачка, стомленая доўгай дарогай і моўчкі па баках пазірае, відаць, родным мясцінам радуецца. Голым, з набрынялымі пупышкамі, асінкам, зялёным малечам-елачкам, бялявым бярозкам.
Вось яна наблізілася да мяне і весела зашчабятала, маўляў, з выраю вярнулася, вясну-красну з сабою прынесла.
Вось так адбылася гэтай вясной мая доўгачаканая сустрэча з весялухай. Амаль на тыдзень раней звычайнага часу.
Кажуць, што адна ластаўка вясны не робіць. Што ж, усё магчыма. Але для мяне яна зрабіла. Ды яшчэ якую вясну!

Падобныя старонкі

  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка
творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/ластаўкі.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki