~~META: title = Каралеўская дзічына &keywords = гусь, птушкі, гусі, шэрае, восенню, чучалаў, гагочучы, дзікая, птушка, полі, чучалы, цецеручыныя &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Каралеўская дзічына" &iftrue = nan ~~ ====== Каралеўская дзічына ====== Золкая зямля трывала скавана асеннімі замаразкамі. Каб паставіць на полі цецеручыныя чучалы, даводзіцца з дому браць малаток і долата, з дапамогай якіх потым умацуеш іх у мёрзлай зямлі.\\ Дый вопратка ў паляўнічага далёка не асенняя – цёплы аўчыны кажушок, валёнкі, футравая шапка-вушанка, рукавіцы.\\ Ранкам я расставіў на азімым полі каля ляска цецеручыныя чучалы, забраўся ў сцірту духмянай саломы, што стаяла непадалёк, і вырашыў паснедаць, пакуль цецерукі яшчэ не вылецелі з балота на поле.\\ Толькі адкрыў тэрмас з гарачым чаем, гляджу: дзікая гусь каля чучалаў апусцілася. Выцягнула доўгую шыю і насцярожана на падманных птушак утаропілася.\\ Да чучалаў восенню ахвотна падсаджваюцца розныя пералётныя птушкі. Часцей за ўсё гэта шпакі, дразды, галубы, берасцянкі. Але каб гусь села, – гэткага яшчэ не даводзілася бачыць.\\ Дзікая птушка амаль такая ж, як і хатняя, толькі трохі цямнейшая ды худзейшая.\\ Здаўна на Беларусі дзікіх гусей каралеўскай дзічынай лічуць. I далёка не кожны паляўнічы меў шчасце падвесіць да ягдташа такі дарагі трафей. Таму, прынесці дамоў дзікую гусь – вялікая спакуса.\\ I ўсё ж я не ўзяўся за стрэльбу. Чаму, спытаецеся? Дзікія гусі – птушкі чародныя. Наўрад ці каму даводзілася бачыць гусь адну. Ці то восенню, калі гусі, журботна гагочучы, адлятаюць у вырай, ці то вясною, калі яны, расцягнуўшыся шнурком у блакітным небе, зноў вяртаюцца ў родныя мясціны, птушкі гэтыя заўсёды чарадою. А калі гусь адзінокая, – гэта ўжо няшчасце, відаць, такое ж, якое бывае з чалавекам, які адаб’ецца ад сяброў.\\ Як жа на няшчасці, хай сабе на птушыным, рукі грэць?\\ Птушка, мабыць, заўважыла падман, ірванулася ў шэрае асенняе неба і, спалохана гагочучы, знікла з вачэй.\\ Аднекуль з вышыні паволі мне над ногі апусцілася шэрае пёрка. Я паклаў яго ў ягдташ – на памяць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]