~~META: title = Каварны спявак &keywords = песню, птушак, валасянкі, гнязда, лесе, спяваць, валасянка-чорнагалоўка, саракуш &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "Каварны спявак" &iftrue = nan ~~ ====== Каварны спявак ====== Дзе б я ні быў – у лесе, у полі альбо на беразе ракі, – ніколі не прапушчу без увагі ніводнай сустрэтай мной птушкі. Гэта ў звычку ўжо ўвайшло.\\ Неяк поўднем ішоў я светлым узлессем. Крочыў не спяшаючыся ды па баках пазіраў. Глядзеў, дзе якая новая кветка распусцілася альбо цікавая раслінка на свет з’явілася. Дыхаў лясным паветрам, настоеным тонкім водарам духмяных ландышаў і фіялак.\\ Нечакана каля самай сцежкі ў зялёным кусце вярбоўніку валасянка-чорнагалоўка заспявала.\\ Валасянкі – мае любімыя птушкі. Іх цудоўную песню я цаню вышэй за салаўіную.\\ Дай, думаю, паназіраю, як гэта птушцы ўдаецца спяваць, што песню яе чуваць то блізка, то раптам далёка-далёка.\\ Падыходжу асцярожна да куста. Зірк – а на галінцы замест чорнагалоўкі саракуш-жулан сядзіць. I так гэты птах старанна песеньку валасянкі выводзіць, аж вочы прыплюшчыў.\\ Я вельмі здзівіўся. Цвёрда быў упэўнены, што спявае валасянка-чорнагалоўка.\\ А тут раптам саракуш. Як скажуць: Саўка, ды не ў тых санках.\\ Надоўга ўрэзаўся мне ў памяць гэты выпадак у лесе. Як пазней я даведаўся, саракушы-жуланы вялікія мастакі падрабляцца пад іншых птушак. Яны здольны не толькі песню валасянкі перадаць, але і шмат якіх іншых птушак. I што вельмі цікава, робяць яны гэта не дзеля забавы, а з карысцю для сябе.\\ Саракуш-жулан – маленькі драпежнік. Наўкол свайго гнязда ён разбурае ўсе гнёзды дробных птушак, раздзёўбвае іх яйкі і з’ядае птушанят. Часам саракуш палюе і на дарослых птушак. А робіць ён гэта вось як. Сядзе каля разбуранага толькі што гнязда аўсянкі альбо берасцянкі і давай іх голасам спяваць. На яго песню спяшаюцца з’явіцца гаспадары, якія адлучыліся па справах ад гнязда. Тут яны і трапляюць у кіпцюры каварнага спевака.\\ Выходзіць, не ўсе песні ў лесе ад душы спяваюцца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]]