~~META: title = З агню ды ў полымя &keywords = шчупачок, знікла, раптам &abstract = Чытаць эцюд Рыгора Ігнаценкі "З агню ды ў полымя" &iftrue = nan ~~ ====== З агню ды ў полымя ====== У сцішаным алешніку з вербалозам пятляе размораная спёкай безназоўная рачулка.\\ Аб чымсьці сваім патаемным яна бубніць на быстрынях і перакатах, змаўкаючы, задумваецца ў зацененых вірках і затоках, бесклапотнай гарэзаю скача па сонечных лужках і прагалінках між кустоў.\\ Я сяджу з вудачкамі каля «ямы» і чакаю таго моманту, калі нарэшце заварушыцца паплавок, уздрыгне і наўскасяк пойдзе пад ваду.\\ Рыба не бярэцца. I я міжволі пачынаю слухаць вясёлую песеньку малінаўкі-перасмешніцы, якая заўзята спявае ў суседнім кусце вярбы, дыхаю водарам чэрвеньскага разнатраўя.\\ Раптам у некалькіх метрах ад мяне нешта моцна пляснула. У тую ж хвіліну з вады стралою выскачыў невялічкі шчупачок і нечакана для сябе апынуўся на процілеглым беразе. Гэта нешта (а гэта быў вялікі шчупак, які гнаўся за меншым сабратам) развярнулася тарпедай, бліснуўшы ў вадзе, і знікла ў глыбіні. Першы ж высока падскокваў на траве, спрабуючы як-небудзь вярнуцца назад у сваю стыхію.\\ Не паспеў я яшчэ вырашыць, як мне перабрацца на другі бераг і што рабіць з гэтым бедалагам-шчупачком, як раптам аднекуль з’явілася шэрая варона. Птушка каменем кінулася на зямлю, схапіла ў дзюбу рыбіну і таропка знікла з ёю ў хмызняку.\\ Вось ужо сапраўды, як кажуць: з агню ды ў полымя. Ад вадзянога драпежніка шчупачок уратаваўся, дык паветранаму ў кіпцюры патрапіў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]]