~~META: title = Зялёныя сцягі &keywords = голыя, чэрціць, тонка &abstract = Чытаць апавяданне Рыгора Ігнаценкі "Зялёныя сцягі" &iftrue = nan ~~ ====== Зялёныя сцягі ====== Снег растаў, але зеляніны яшчэ няма. Голыя дрэвы, голыя хмызнякі, голая зямля. У лесе шэра, аднастайна. Толькі не маркотна, як гэта бывае восенню.\\ Вось таропка пераляцеў сонечную палянку жоўты матылёк-крушыннік. Мільгануў стракатым шматком паміж чорных ствалоў і знік.\\ А вось на сухі асінавы пянёк крапіўнік сеў – маленькая рыжая птушачка. Узняў угору куртаты хвосцік і давай у горле срэбныя шарыкі перакочваць.\\ Над затопленым вадою балотцам баранчык «траву сее».\\ – Бэ-э-э! Бэ-э-э! – чуецца яго радасная вясновая песня.\\ Чырванагрудая берасцянка весела спявае на макаўцы пабурэлай бярозы, попаўзень тонка свішча на сухастоіне. Турок дзесьці ў бары буркуе:\\ – Бу-бу! Бу-бу!\\ Над лужынай талай вады баязліва дрыжаць пушыстыя коцікі вярбы. I ўжо чэрціць, чэрціць сінюю роўнядзь павук-вадамер.\\ На ўзлессі вясковая жывёла пасвіцца, якую выгналі на першую размінку пасля доўгай зімы. Сіні дым ад вогнішча, што расклалі пастушкі, ціха плавае між голых кустоў і дрэў. У паветры тонка пахне гаркаватасцю альховых дроў і смажанага сала.\\ Зіма пераможана. Не сёння-заўтра вясна развесіць на дрэвах і хмызняках свае пераможныя зялёныя сцягі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ганарлівая-птушка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-дупляначка]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-грыбнік]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-ягады-пад-снегам]] * [[творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вясна-ідзе]]